Перакваліфікаваўся: работнік КДБ узначаліў музычны тэатр у Гродне
Чарговы гродзенскі тэатр узначаліў былы сілавік.

Дачка лідара прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага Кацярына ды Сяргей Севярын падчас ператрусу, Гродна, 2004 год. Фота Анджэя Пачобута
Музычны тэатр «Рада» атрымаў новага дырэктара. Ім стаў Сяргей Севярын. Ягонае імя ўсплывала ў СМІ ў 2004 годзе. Тады КДБ праводзіў ператрус у гарадзенскай кватэры кіраўніка Агульнанацыянальнага стачкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага, якога пазней асудзілі на два гады папраўчай калоніі за распаўсюд друкаванай прадукцыі, якая нібыта абражала гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі. Сяргей Севярын быў адзіным функцыянерам, які паказаў сваё пасведчанне.
«Белсат» павіншаваў Сяргея Севярына з новаю пасадай ды пацікавіўся, чаму ён гэтак знянацку змяніў сферу дзейнасці. Ад каментароў наконт сваёй папярэдняй карʼеры ён адмовіўся, не стаў распавядаць і пра творчыя планы: яшчэ не паспеў увайсці ў курс справаў.
Патэлефанаваўшы у тэатр, мы даведаліся, што змена кіраўніцтва адбылася «вельмі хутка». Новага дырэктара прадставіў намеснік кіраўніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Вайтуляніс.
Адміністратарка тэатру, паведаміла нам, што Сяргей Севярын прыйшоў «зусім з іншай сферы», але паколькі час сёння «эканамічна абгрунтаваны», як дырэктар, гаспадарнік ды менеджар, ён абавязкова ў калектыве прыжывецца. І што немалаважна для кіраўніка, мае юрыдычную адукацыю.
Пакуль мы размаўлялі, Сяргей Севярын знаходзіўся ў бухгалтэрыі, знаёміўся з дакументацыяй. Тут нам распавялі, што раней новы кіраўнік працаваў «у органах», а чалавек ён «харошы, нармальны, культурны».
Тэатр «Рада» зрабіў імя на цыганскай вакальна-харэаграфічнай праграме «Гінэ Рома», таму дагэтуль асацыюецца з гэтай нацыянальнай меншасцю. Хоць у рэпертуары цяпер некалькі праграмаў, у тым ліку казацкая ды беларуская.
З 2008 года тэатр працуе пры Гродзенскім гарвыканкаме, які даў памяшканне, дапамагае набываць апаратуру і касцюмы. А папярэднім дырэктарам была кіраўніца «Цэнтру культуры Гродна» Жана Бачкова, якая раней працавала ў Гродзенскім гарвыканкаме.
У Гродне гэта не першае прызначэнне на кіраўнічую пасаду ва ўстанову культуры колішніх працоўнікоў сілавых структур.
У 2012 годзе дырэктарам абласнога драматычнага тэатру стаў палкоўнік запасу Ігар Гедзіч. Сюды ён прыйшоў са штабу Заходняга аператыўнага камандавання, дзе быў намеснікам начальніка аператыўнага аддзелу. Пры знаёмстве з творчым калектывам дырэктар тэатру рэзюмаваў: «Ніякіх рэвалюцыяў – толькі эвалюцыя».