У Беларусі затрыманы расіянін, які падазраецца ў датычнасці да Ісламскай дзяржавы
У Брэсце затрыманы грамадзянін Расіі, абвешчаны на радзіме ў вышук па падазрэнні ва ўдзеле ў баях на баку так званай Ісламскай дзяржавы. Пра гэта на тэлеканале АНТ паведаміў начальнік прэс-службы КДБ Зміцер Пабяржын.
28-гадовы ўраджэнец Чачні пакінуў радзіму яшчэ ў 2003 годзе. Як падазраюць праваахоўнікі, ён прайшоў спецыялізаваную падрыхтоўку ў адным з лагераў Ісламскай дзяржавы і быў актыўным удзельнікам
гэтай тэрарыстычнай арганізацыі.
Яго выявілі і затрымалі ў Брэсце. На паказаным відэазапісы байцы атрада міліцыі асаблівага прызначэння выводзяць яго з кватэры.
У тэлефоне затрыманага выяўленыя відэазапісы адпаведнага зместу. Цяпер вывучаецца таксама яго электронная пошта на прадмет утрымання экстрэмізму.
Затрыманы будзе перададзены расійскім праваахоўнікам.
Паводле "Нашай Нівы"