Пра што можа расказаць родавае прозвішча?
Ці ведаеце вы прозвішча свайго суседа, акрамя таго, што ў пашпарце? Калі вы жывяце ў вёсцы ці захавалі з вёскай нейкія адносіны, прыязджаючы час ад часу туды, хутчэй за ўсё, зможаце расказаць пра яе жыхароў, многія з якіх будуць вашымі сваякамі. Уласна, і адрозніваем мы прадстаўнікоў той ці іншай сям'і па родавых прозвішчах.
«Наша вёска Сялец была раней сярэдняй велічыні — у 35 двароў. І жылі ў ёй людзі, якія мелі адны і тыя ж прозвішчы, імёны. І кожнай сям'і былі даны «мянушкі», ці, як казалі, называлі ўсіх па-вулічнаму. Так, ад імені Міхаіл пайшлі Міхасёвы, Міхалкавы, Міхалчыкавы, ад слова Пётр — Пятровы, Петручковы, Пётравы, Пятрусіны», — расказвае ў сваім лісце чытачка "Звязды" Яўгенія Кулевіч. І сапраўды, жанчына згадала пра адну з тыповых для Беларусі традыцый — даваць для радзіны адметнае, «кодавае» імя. І сёння вучоныя збіраюць такую каштоўную інфармацыю і нават плануецца з цягам часу выкласці яе ў асобным слоўніку.
— Гэта на самай справе не мянушкі. Родавыя прозвішчы ідуць з пакалення ў пакаленне, там вельмі празрыстая матывацыя і спосаб утварэння, — тлумачыць Вераніка Курцова — загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. — Напрыклад, Пятрок — гэта ўмоўна адзін з прадстаўнікоў роду, пачынальнік, і ўсіх, хто нарадзіўся ў гэтым родзе, называюць Петраковы. Часам па нейкай прыкмеце, напрыклад, характэрнай для паводзін пэўнай асобы, можа з'явіцца і так званы прыкладзень — прыкладзенае імя. Скажам, у адной сям'і бацька займаўся з тэхнікай, увесь час нешта рамантаваў, і яго празвалі Шурупам, а дзеці ягоныя сталі Шурупчыкам і Гаечкай. Вось гэта сапраўды мянушка, а не родавае прозвішча. Сабраць падобны матэрыял — як родавыя прозвішчы, так і ўласна мянушкі — з усёй тэрыторыі Беларусі даволі цяжка, людзі вельмі далікатна ставяцца да такіх адметных імёнаў-прыкладняў. Часам некаму падаецца, што гэта ганьба, папраўдзе такія імясловы былі тыповымі. «Чые гэта дзеўкі?» — пыталіся ў вёсцы. І адразу разумелі, з якой тыя сям'і, калі атрымлівалі адказ накшталт Базылёвы, Карпавы. І падобныя родавыя прозвішчы, пераважна ад мужчынскага імя, а часам і ад жаночага, утвараліся па ўсёй Беларусі фактычна аднолькава. Яны за некім замацоўваліся, заставаліся нязменнымі, перадаваліся дзецям, унукам. Так захоўвалася генетычная памяць пра род.
І нам хацелася б, каб гэтая інфармацыя была зафіксаваная. Зараз традыцыйны сялянскі ўклад, побыт распадаецца ці амаль ужо распаўся. Старэйшае пакаленне, якое ведала дзядоў, бацькоў, адыходзіць. Моцна б'е па традыцыях і пераканцэнтрацыя насельніцтва. Так, людзі, што пераязджаюць, напрыклад, у аграгарадкі, трапляюць у новае асяроддзе, дзе часцей за ўсё няма пераемнасці.
— Ці не блыталі людзі родавае прозвішча з тым, што запісана ў пашпарце?
— Традыцыйнае камунікацыйнае вясковае асяроддзе вельмі асаблівае, там людзі жылі спакон веку, наезджых, прышлых было вельмі мала. Прысвоенае імя перадавалася стагоддзямі. Родавае прозвішча было агульнавядомым і арыентаваліся менавіта на яго, тым больш што прозвішча ў пашпарце — з'ява даволі позняя. Але часам такі імяслоў можа стаць і ўласным прозвішчам. Так, у адной з экспедыцый мяне зацікавіла прозвішча — Весяльчак. Аказалася, у вайну ўсе дакументы згарэлі, і калі пасля ў чалавека пыталіся, што запісаць у пашпарце, то прапанавалі скарыстаць слова, якім яго сям'ю і іх папярэднікаў называлі на вёсцы.
У вёсках у розны час праводзіліся традыцыйныя гадавыя і іншыя святы, і маладыя людзі ведалі, куды паехаць, напрыклад, на Васілле, Каляды, Міколу. Дзякуючы гэтаму ўвесь раён, яго насельнікі былі ім звычайна вядомы. І людзі сталага веку таксама не сядзелі на месцы, напрыклад, мне расказвалі, як сваякі ехалі за 20—30 кіламетраў у госці да радзіны на Міхайлу (Міхалле). На Беларусі вельмі шчыра, актыўна падтрымліваліся родавыя сувязі як памяць пра продкаў. Людзі своіліся, радніліся — свой быў са сваім.
— У лісце Яўгенія Барысаўна яшчэ згадала прозвішчы Рымар (ад занятку продкаў), Баручыха (жанчына, якая прыйшла ў вёску замуж з Бараўцаў), Картаплянікі (бацька служыў у пана, які разводзіў розныя сарты бульбы), Дворныя (служылі ў двары). Атрымліваецца, што родавыя прозвішчы расказваюць і аб тым, якія заняткі былі ў людзей.
— Пераважна родавыя прозвішчы ўтвараліся ад імя бацькі, дзеда, прадзеда. Радзей — ад прозвішча, яшчэ радзей — ад заняткаў ці нейкай характэрнай для пэўнага чалавека рысы. Напрыклад, так было з Немчыкавымі. Нехта ў радзіне перахварэў на адзёр, і гэта адбілася на маўленні: з дзяцінства чалавек не гаварыў. А ў народнай традыцыі тых, хто маўчыць, называлі «немец». Змянілася некалькі пакаленняў, усе іншыя дзеці ў родзе гаварылі, але ўсё адно яны засталіся Немчыкавымі.
Картаплянікі — хутчэй было мянушкай, прыкладнем, а пасля замацавалася не толькі за пэўнай асобай, але і за ўсім родам. Наогул слова «картопля» (і ўсе вытворныя ад яго) тыповае для паўднёва-заходніх гаворак Беларусі, а картаплянікамі ў асноўным называлі месца, дзе пасадзілі альбо выбралі бульбу.
Рымарам сталі зваць чалавека, што шыў збрую, быў спецыялістам па вырабе раменнай вупражы. Лексічнымі «сваякамі» гэтага слова з'яўляюцца такія найменні, як шорнік, хамутнік. Зразумела, падобнай справай займалася вельмі абмежаваная колькасць людзей. Далёка не ўсе шылі кажухі, білі валёнкі, апрацоўвалі скуру і рабілі іншыя патрэбныя чалавеку рэчы. Для людзей, якія родам сваіх заняткаў адрозніваліся ад іншых вяскоўцаў, у традыцыйным сельскім побыце існавалі свае імёны — словы, якімі абазначаўся той ці іншы занятак. Адметны ж імяслоў можа сведчыць пра гісторыю, традыцыі не толькі адной сям'і, а і пэўнага рэгіёна. Так, мы адразу разумеем, якія заняткі былі ў Мельнікавых ці Кузняцовых, а яшчэ даведваемся пра маёмасныя магчымасці такіх сем'яў. Зразумела, што млын і кузня не маглі быць у кожнай вёсачцы, хутчэй за ўсё, у тых мясцінах, дзе яны дзейнічалі, існавалі вялікія пасяленні жыхароў. Як бачыце, дзякуючы такім ускосным звесткам можна выйсці на гісторыю населенага пункта. Калі ўнікнуць, што стаіць за пэўным родавым іменем, адкрыеш для сябе шмат інфармацыі. Сёння многія цікавяцца сваім генеалагічным дрэвам, хочуць узнавіць звесткі пра свой род, і добра было б, каб людзі высвятлялі, калі і чаму ім далі пэўнае прозвішча, кім быў той чалавек, ад імя якога яно пайшло. На гэтым фарміруецца не проста вусная гісторыя, але і наша генетычная памяць. Калі мы хочам захавацца як прадстаўнікі пэўнага роду, такія рэчы добра было б ведаць.
— Але чаму ў адной вёсцы існавалі розныя формы аднаго і таго ж імя? Так, у сваім лісце Яўгенія Барысаўна прыгадала, што Паўла маглі называць Паўлюк, Павэлак, Паўлюсь; Івана — Янусь, Яська, Ванюша; Лявона — Лёнюсь, Лявончык.
— У традыцыйнай вёсцы былі вялікія сем'і. Мала таго, што ў адной сям'і маглі расці два ці тры Іваны (раней не было такога вольнага выбару імя, як сёння, іх давалі, арыентуючыся на святцы), дык яшчэ ў родзе імёны паўтараліся. Каб адрозніць аднаго прадстаўніка роду ад другога, бясспрэчна, існавала гэта нікім не пісаная традыцыйная дыферэнцыяцыя. Таму адзін хлопчык быў Паўлюком, другі Паўлючком. А пазней у якасці адрознага родавага прозвішча магла замацавацца і форма Паўлючковы. У велічэзных вёсках вы маглі б сустрэць Івана, Іваньку, Іванца, Іванюшу, Іванючыка, Іваньчыка, Янука, Янюка, Янучка, Янушка, Яську, Януся. Адзначаюцца і іншыя варыянты імя Іван.
— Пра што яшчэ могуць расказаць прозвішчы?
— Аднойчы мне сустрэліся прадстаўнікі роду Долеравых. Пачынаю высвятляць, чаму людзей так па-мясцоваму завуць, і ўсплывае цікавы факт. Пасля рэвалюцыі, недзе ў 1918 годзе, іх бацька ездзіў у Амерыку на заработкі, праз пэўны час вярнуўся і прывёз амерыканскія грошы. І вось ужо сто гадоў усе ў родзе — Долеравы. Адразу ўзнікае пытанне, дзе ж сям'я здабыла па тым часе немалыя грошы, каб выправіцца ў далёкае падарожжа? І аказалася, што чалавек узяў на гэта крэдыт пад заруку сваякоў. Праз такія дробязныя гісторыі можна даведвацца пра нешта новае з жыцця краіны, стасункі людзей, сацыяльны побыт, адносіны.
У адной з вёсак Гомельскай вобласці размаўляю з цікавым дзядком і ўсё чую ад яго пра нейкіх Калдачоў. Аказалася, так празвалі па-мясцоваму людзей, у якіх «прабабка варажыла, калдавала». Калі ж я запыталася, хто на Купалле завоі робіць, дзядок адказаў: «Не, тое ведзьмы былі». Вось яна — жывая моўная стыхія. У адной і той жа мясцовасці людзі адрозніваюць тых, хто проста калдуе, і тых, хто займаецца вядзьмарствам (апошняе, атрымліваецца, — большае зло, яно неспрыяльна б'е па ўсіх).
Людзей, дастаткова заможных — па вясковых мерках, празвалі Царыкавымі. Але, заўважце, не Царавымі і не Царовымі, маўляў, яны былі багатыя, як цары, але на ніжэйшым, мясцовым узроўні.
А як было не пацікавіцца, адкуль пайшлі Залманавы і род, які ад іх «адпачаткаваўся», — Залманцы? Аказваецца, яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, калі бацькі пайшлі запісваць дзіця ў царкву, усе імёны, якія былі ў святцах, акрамя Залмана, іх дзеці ўжо мелі.
zviazda.by