Праціўнікі завода АКБ зноў сабраліся ў цэнтры Берасця
На плошчы Леніна ў Берасці 15 верасня прыкладна апоўдні чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
На плошчы Леніна ў Берасці 15 верасня прыкладна апоўдні чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, піша racyja.com са спасылкай на БелаПАН. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года. Паводле дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, на сённяшнюю сустрэчу прыйшлі прыкладна 120 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала прысутных пра адказнасць за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.
Людзі, якія прыйшлі на плошчу, абмяркоўвалі ўдзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў чатырох праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Так, жыхар Бярозы, блогер, член Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў мае намер вылучыцца па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 1, брастаўчанін Раман Кісляк — па Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 2, жыхарка Брэсцкага раёна Алена Макарэвіч — па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 3, жыхар Кобрына Уладзімір Мароз — па Брэсцкай-Пагранічнай выбарчай акрузе № 4. На сённяшні дзень зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы Кабанава, Кісляка і Макарэвіч.
На наступным тыдні акруговы выбаркам разгледзіць дакументы Мароза. У ініцыятыўную групу Кабанава ўвайшлі 57 чалавек, Кісляка і Макарэвіч — па 72, Мароза — 73. Як паведаміў БелаПАН Кабанаў, актывісты чакаюць рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мароза, а затым будуць праводзіць адзіныя пікеты за ўсіх чатырох актывістаў. „Мы хочам, каб гэта былі магутныя, запамінальныя пікеты. І зараз мы вядзем тэхнічную падрыхтоўку да iх правядзення”, — адзначыў Кабанаў.
Плануецца, што пікеты будуць праводзіцца штодня ў пяці-шасці пунктах горада. Актывісты, якія прыйшлі на плошчу, станоўча ацэньвалі тое, што на выбары ідуць чатыры іх прадстаўнікі, а не адзін, як планавалася раней. Людзі казалі пра тое, што неабходна закрыць усе чатыры выбарчыя акругі, але асабліва важная выбарчая акруга № 4, дзе будуць галасаваць не толькі жыхары Берасця, але і раёна, на тэрыторыі якога пабудаваны акумулятарны завод. Адзін з лідараў грамадскай кампаніі супраць будаўніцтва завода Дзмітрый Бекалюк упэўнены, што за іх прадстаўнікоў людзі будуць падпісвацца. „Я не сумняваюся ў здаровым розуме жыхароў рэгіёна, таму што пра сітуацыю з акумулятарным заводам пастаянна распавядаюць мясцовыя блогеры і незалежныя СМІ, — сказаў ён. — Удзел нашых актывістаў у парламенцкіх выбарах — гэта яшчэ адзін крок да таго, каб закрыць завод”.
Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра „Беларусь”.
Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/pratsiunikau-zavoda-akb-znou-sabralis/