Не будзе вуліц Быкава і Караткевіча — жыхары супраць
На тэрыторыі былога рабочага пасёлка Касцюкоўка ў Чыгуначным раёне Гомеля не будзе вуліц Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і Кірылы Тураўскага.
Раней шэраг СМІ паведаміў, што, згодна з рашэннем Гомельскага гарсавета дэпутатаў вуліцы ў Касцюкоўцы атрымалі новыя назвы.
Неабходнасць перайменавання выклікана тым, што назвы некаторых вуліц Касцюкоўкі аналагічныя назвам вуліц у іншых раёнах Гомеля. Каб пазбегнуць блытаніны, вырашана было вуліцы перайменаваць.
Як стала вядома БелаПАН, сапраўды былі планы і прапановы перайменаваць завулак Садовы — у завулак Быкава, вуліцу Прамысловую назваць імем Караткевіча, Светлагорскую — імем Кірылы Тураўскага. Але ў выніку Садовы захаваў сваю назву, а Прамысловая стала Грушавая. Вуліца Светлагорская стала насіць імя Валерыя Абеля — у гонар стваральніка мясцовага цырка.
Таксама ў Касцюкоўцы з'явіліся такія вуліцы, як Завазёрная, Бурштынавая, Гасцявая, Яромінская, Яблыневая, Раўнінная, Арэхавая і іншыя.
У тапанімічнай камісіі Гомельскага гарвыканкама пацвердзілі, што вуліц Быкава і Караткевіча ў Касцюкоўцы не будзе. Рашэнне гарсавета аб перайменаванні вуліц пакуль праходзіць юрыдычную экспертызу, а затым будзе апублікавана.
«Былі прапановы пра Быкава і Караткевіча, але людзі не пагадзіліся з такімі назвамі», — адзначыла старшыня тапанімічнай камісіі Ларыса Язерская.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Ірына Дробатава пракаментавала, што пры перайменаванні вуліц улічвалася меркаванне мясцовых жыхароў: праводзіліся абыходы па дамах і кватэрах, прапановы перадаваліся ў тапанімічную камісію. «Людзі не захацелі, каб былі такія назвы, як былі прапанаваны, — Быкава і Караткевіча. Так вырашылі людзі», — падкрэсліла Дробатава.
Паводле naviny.by