Прайшло падрыхтоўчае пасяджэнне па ліквідацыі «Гродна Лайф Медыя»

Пазоў аб ліквідацыі ТАА «Гродна Лайф медыя», якое з’яўляецца ўласнікам сайта Hrodna.life, падала пракуратура Гродна.

unnamed_264.jpg

Падрыхтоўчае судовае пасяджэнне па ліквідацыі ўласніка Hrodna.life прайшло ў Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці 11 жніўня. Бакі выказалі свае пазіцыі: прадстаўнікі гарвыканкама цалкам згодныя з пракурорам, нягледзячы на нестыкоўкі ў пазове. Асноўнае пасяджэнне па ліквідацыі прызначылі на 26 жніўня.
Суддзя Марыя Рослік выслухала пракурора, прадстаўнікоў гарвыканкама і адказнікаў. У пачатку пасяджэння яна ўдакладніла, што ліквідацыя юрыдычнай асобы — крайняя мера.
Пазоў аб ліквідацыі ТАА «Гродна Лайф медыя», якое з’яўляецца ўласнікам сайта Hrodna.life, падала пракуратура Гродна. Пракурор Уладзімір Клішын падаў заяву «ў мэтах абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў».
У працы фірмы ён убачыў «дзейнасць, забароненую заканадаўчымі актамі». Пракурор спаслаўся на два штрафы за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, якія фірме прысудзілі ў сакавіку і чэрвені 2021 года. Таксама ён спаслаўся на Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і дадаў, што Telegram-канал выдання 9 ліпеня суд прызнаў экстрэмісцкім. У пазове пракурор абапіраўся на Грамадзянскі кодэкс, палажэнні аб ліквідацыі з Дэкрэта прэзідэнта ад 16.01.2009 № 1 і Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».
Прадстаўнікі гарвыканкама на судзе цалкам пагадзіліся з пазіцыяй пракурора.

Пазоўнік не выканаў закон?

Аляксей Шота як адказнік і прадстаўнік ТАА «Гродна Лайф Медыя» з пракурорам не згадзіўся. Ён адзначыў, што здзяйсненне разавых правапарушэнняў, за якія арганізацыя ўжо панесла адміністрацыйную адказнасць, з розніцай у чатыры месяцы, разглядаюць як забароненую дзейнасць памылкова.
Згодна з Законам «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» (арт. 10) ,пракурор на працягу максімум сямі сутак абавязаны быў вынесці прадпісанне аб ліквідацыі парушэнняў. Прадпісанне трэба ў трохдзённы тэрмін накіраваць кіраўніку і заснавальнікам арганізацыі. Закон дае ім месяц на ліквідацыю парушэння і пісьмовае інфармаванне пра гэта асобы, якая вынесла прадпісанне. Толькі ў выпадку, калі гэта не будзе зроблена своечасова, альбо пры вынясенні паўторнага прадпісання цягам года запускаецца працэс ліквідацыі арганізацыі. Нічога з устаноўленага законам пракурорам зроблена не было. Было вынесена толькі папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закону Аляксею Шоце як фізічнай асобе. Атрымліваецца, што пазоўнік праігнараваў патрабаванні закона.
Аляксей Шота таксама ўдакладніў, што размяшчэнне на сайце фота з лагатыпам, прызнаным экстрэмісцкім, у другі раз было тэхнічнай памылкай, і яно было выдалена за некалькі дзён да прад’яўлення прэтэнзій.
Рашэнне ж аб прызнанні судом Telegram-канала выдання экстрэмісцкім прымалася ў дачыненні не інфармацыйнай прадукцыі сайта Hrodna.life (які належыць ТАА «Гродна Лайф Медыя»), а да аднайменнага Telegram-канала (а менавіта каментароў яго чытачоў). З матэрыялаў справы (па канале) вынікае, што канал і каментары не маюць дачынення да ТАА «Гродна Лайф Медыя». Акрамя таго, рашэнне было абскарджана і яшчэ не ўступіла ў законную сілу.
Другі адказчык і заснавальнік ТАА, Марыя Кучмэйна, цалкам пагадзілася з довадамі Аляксея Шоты.

Пракурор перакананы, што мае рацыю

На пералічаныя довады пракурор адказаў, што раз Аляксей Шота з’яўляецца і заснавальнікам, і кіраўніком юрыдычнай асобы, то папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закону было накіравана правільна. А раз забароненыя матэрыялы і так ужо былі выдаленыя з сайта, то і прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў закона даваць было не трэба.
Першае асноўнае судовае пасяджэнне ў Эканамічным судзе па ліквідацыі ТАА «Гродна Лайф Медыя» прызначылі на 26 жніўня, 10:00.
hrodna.life