Праваабаронца прапанаваў ЦВК спыніць выбары і зэканоміць грошы

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў прапанаваў Цэнтарвыбаркаму звярнуцца з просьбай да Аляксандра Лукашэнкі аб адмене выбараў у Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў 28-га склікання, бо «дэпутацкі корпус ужо вядомы выбарцам».

f45c67357622c31d6c1b01b85dd4b5e3_xl.jpg


Да звароту прыклаў спіс будучых пераможцаў па ўсіх акругах. І атрымаў ужо адказ: адмена немагчымая…

Спіс Левінава

У электронным звароце, накіраваным у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, Павел Левінаў зазначыў, што “выбары” дэпутатаў Віцебскага гарадскога Савету дэпутатаў 27-га склікання можна лічыць здзейсненымі”, бо “ад выбарцаў ужо нічога не залежыць”, піша Віцебская вясна. Ніжэй праваабаронца падаў спіс з 40 асобаў, якія, як пераконвае Левінаў, абавязкова патрапяць у гарсавет.
У спісе Левінава — выключна кандыдаты, якія на дадзены момант займаюць кіраўнічыя пасады ў дзяржаўных арганізацыях і на прадпрыемствах Віцебску.
У размове з “Віцебскай вясной” Павал Левінаў запэўніў, што гатовы даць хоць 120-адсоткавую гарантыю, што ягоны спіс адзін у адзін супадзе з выніковым. Адкарэктаваць змест гэтага спісу, на яго думку, могуць хіба што тагасветныя сілы (напрыклад, смерць кандыдата).

4 гады таму прагноз ужо спраўджваўся

Павел Левінаў ужо мае досвед падобных прадказанняў. Падчас папярэдніх выбараў у гарадскі Савет у 2014 годзе, за месяц да абвяшчэння вынікаў, ён даслаў у Цэнтарвыбаркам спіс будучых дэпутатаў з прапановай спыніць кампанію. Зразумела, што выбары не спынілі, але склады дэпутацкага корпусу паводле Левінава і паводле выбаркаму аказаліся ў выніку ідэнтычнымі.
Цяпер Левінаў узяўся прадказаць вынікі яшчэ раней — за два месяцы да фінішу выбарчай кампаніі.
“Можаце напісаць пра мяне як пра тых жывёлаў, якія прадказваюць вынікі гульняў на футбольных чэмпіянатах”, — жартуе ён.

$4,5 тыс. на аднаго дэпутата

Нагадаем, што прапанову аб спыненні выбараў Левінаў абгрунтоўвае магчымасцю такім чынам “зэканоміць бюджэтныя (народныя) сродкі”. Колькі ж канкрэтна грошай выдаткоўвае сёлета дзяржава на правядзенне мясцовых выбараў у Віцебску?
Паводле інфармацыі назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леаніда Свеціка, толькі на забесьпячэнне працы Віцебскай гарадской камісіі выдаткоўваецца 23 тыс. 394 рублі. Акрамя таго, на працу кожнай участковай камісіі (а такіх у горадзе – 159) выдзяляецца, у залежнасці ад колькасці яе сябраў, ад 2 тыс. 195 да 2 тыс. 707 рублёў.
“Такім чынам, выбары 40 дэпутатаў гарсавету абыдуцца, як мінімум, у 350 тысяч рублёў”, – падсумаваў Леанід Свецік.
Паводле ягоных падлікаў, абранне аднаго дэпутата будзе каштаваць прыкладна 9 тыс. рублёў (4,5 тыс. долараў) бюджэтных сродкаў.

Цэнтарвыбаркам: адмена не прадугледжаная

Прапанова Паўла Левінава аб спыненні выбараў і ашчадзе сродкаў, як і чатыры гады таму, не атрымала станоўчай рэакцыі ў Цэнтарвыбаркаме.
“Растлумачваем, што законам не прадугледжаная адмена выбараў, прызначаных у вызначаным парадку Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Адзначаем, што ініцыяваная Вамі працэдура не стасуецца з міжнароднымі стандартамі ў вобласьці правядзення выбараў”, – гаворыцца ў адказе з Цэнтарвыбаркаму, падпісаным старшынёй камісіі Лідзіяй Ярмошынай.
Нагадаем, што выбары мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання адбудуцца 18 лютага 2018 году.
vitebskspring.org