Праваабаронца: Затрыманні і іх маштаб усё цяжэй ацэньваць
Вельмі шмат спраў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, але ж гэта і зразумела, бо цяпер у Тэлеграме экстрэмісцкае, здаецца, амаль усё.
Судовы канвеер ні на дзень
не спыняецца ў Брэсце. Разглядаюцца як справы за падзеі 2020-га, так і новыя,
напрыклад, за абразу прадстаўнікоў улады ці распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Пра гэта расказала «Госця Рацыі» — праваабаронца спадарыня Ганна, якая ў мэтах
бяспекі не называе сваё прозвішча.
— Што змянілася за апошні час? Якія справы фігуруюць?
— Усё яшчэ працягваецца «карагодная справа». Павінна была чарговая справа пачацца, але ж яе чамусьці вырашылі пакуль адкласці. Там было толькі шэсць чалавек абвінавачаных, у каго былі позвы на суд. Вырашылі да іх далучыць яшчэ пяць чалавек. Такім чынам, будзе такая дзясятка ў хуткім часе, якая прадстане перад судом. Такая масавая вельмі справа, якой няма аналагаў у Беларусі, яна адбываецца ў Брэсце і будзе працягвацца.
— Ці вядома пра нейкія гучныя затрыманні?
— У нас адбываюцца затрыманні розных актывістаў на падставе таго, што яны яшчэ ў канцы лютага ці дзесьці ў сакавіку збіраліся на такія пратэстныя акцыі. Я маю на ўвазе акцыі супраць вайны, усё гэта яшчэ працягваецца. У Брэсце атрымаў 15 сутак Алег Вялаў, яго выпусцілі з ІЧУ. Затрыманні адбываюцца, але калі параўноўваць з тым, што было некалькі тыдняў таму, то паспакайней. Тады напярэдадні Дня Волі былі прэвентыўныя затрыманні. Пасля Дня Волі стала менш.
— Ці можна сказаць, што зараз затрыманні і суды маюць масавы характар?
— Затрыманні і іх маштаб і масавасць усё цяжэй і цяжэй ацэньваць. З аднаго боку, здаецца, што адбіваецца тое, што грамадства запалоханае рэпрэсіямі. Здаецца, што да праваабаронцаў менш звяртаюцца. Але ж па іншых прыкметах можна меркаваць, па колькасці тых ці іншых спраў, што іх дастаткова шмат. Цяжка казаць, наколькі гэта зараз масава ці не масава, але калі ацаніць тое, што было ў апошні месяц, то бачна, што адміністрацыйных спраў усё яшчэ шмат. Вельмі шмат спраў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, але ж гэта і зразумела, бо ў нас зараз у Тэлеграме «экстрэмісцкае», здаецца, амаль усё.
У параўнанні з мінулым годам тых, каго прыцягваюць па крымінальных палітычна матываваных справах, стала менш. Але колькасць спраў — прыкладна такая ж, толькі ў іх менш фігурантаў.
«Беларускае Радыё Рацыя»
Чытай больш на:
https://www.racyja.com/hramadstva/pravaabarontsa-zatrymanni-dy-ikh-mashta/