Праваабаронцы прапаноўваюць правесці парламенцкія слуханні пра мараторый на смяротную кару

Актывісты кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" накіравалі звароты кожнаму са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з прапановай правесці парламенцкія слуханні аб магчымасці ўвядзення мараторыя на смяротную кару.

2_smertnoy_kazni_horki_info.jpg


Аўтары зваротаў, як паведамляе сайт spring96.org, нагадваюць аб прывядзенні ў выкананне 5 лістапада адразу трох смяротных прысудаў — у дачыненні да Івана Куляша, Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага. Яны таксама звяртаюць увагу, што раней Камітэт ААН па правах чалавека прыняў шэсць рашэнняў па індывідуальных зваротах грамадзян краіны, у якіх устаноўлена парушэнне Рэспублікай Беларусь права на жыццё, а нявыдача целаў расстраляных членам сям'і для пахавання прызнаецца жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем з імі.
Праваабаронцы просяць дэпутацкі корпус выступіць з ініцыятывай аб правядзенні парламенцкіх слуханняў з удзелам шырокага кола прадстаўнікоў грамадскасці, праваабарончай супольнасці і журналістаў для абмеркавання магчымасці ўвядзення мараторыя на смяротную кару ў Беларусі як першага кроку да яе поўнай адмены.
13 снежня ў Мінску адбылася канферэнцыя "Адмена смяротнага пакарання і грамадская думка", арганізаваная пры ўдзеле Савета Еўропы. Выступаючы на ёй, намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў заявіў, што за наступныя гады колькасць прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання ў краіне павялічылася, але не дасягнула большасці. Начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Андрэй Бушыла адзначыў, што ў грамадстве адбываецца "рух у бок скарачэння" падтрымкі смяротнага пакарання. У якасці прыкладу чыноўнік прывёў звесткі красавіцкага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, падчас якога за захаванне смяротнага пакарання выказаліся 51% рэспандэнтаў.
У сваю чаргу старшыня парламенцкай пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч паведаміў, што ў Палаце прадстаўнікоў 6-га склікання, як і ў парламенце папярэдняга склікання, створаная працоўная група па праблематыцы смяротнай кары.
Спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні на канферэнцыі назваў Беларусь, якая ўжывае смяротнае пакаранне, «чорнай дзіркай у Еўропе». Ён нагадаў, што ў 1997 годзе Беларусь была пазбаўленая статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ, а перашкодай для вяртання статусу з'яўляецца прымяненне ў краіне смяротнага пакарання. Рыгоні заклікаў улады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне на год.
За апошнія 20 гадоў у Беларусі было пакарана больш за 400 чалавек. Толькі адзін з асуджаных на смяротнае пакаранне быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.
Паводле БелаПАН