Прадстаўнік Савета Еўропы: Улады самі павінны вырашаць пытанне смяротнай кары

Рашэнне пра адмену ці захаванне смяротнага пакарання павінны вырашаць не выбаршчыкі, а прэзідэнт і парламент.

Фота: journalby.com

Фота: journalby.com


Такое меркаванне выказаў дырэктар дэпартамента па палітычных пытаннях Савета Еўропы Аляксандр Гесель на міжнароднай канферэнцыі "Адмена смяротнага пакарання і грамадскае меркаванне". Гэтае мерапрыемства пачалося 13 снежня ў Мінску.

На адкрыцці канферэнцыі Гесель паведаміў, што апошні год паміж Саветам Еўропы і беларускімі ўладамі развіваюцца сяброўскія адносіны. Адзінае, што перашкаджае глыбейшаму развіццю адносінаў, — гэта пытанне смяротнага пакарання.

Прадстаўнік Савета Еўропы падкрэсліў, што еўрапейскія ўлады з павагай ставяцца да меркавання, якое беларусы выказалі на рэферэндуме 1996 года, калі прагаласавалі за захаванне смяротнай кары.

"Але мы з вялікай насцярожанасцю ставімся да рэферэндуму па гэтым пытанні. Бо выбаршчык часцей адказвае не на само сфармуляванае пытанне, а так, як бы ён адказваў уладам. Таму мы лічым, што прымаць рашэнне аб адмене смяротнага пакарання павінны прэзідэнт і парламент. Людзі за іх прагаласавалі і надзялілі легітымным правам прымаць рашэнні па вострых пытаннях", — падкрэсліў Гесель.

Ён выказаў надзею, што беларускія ўлады будуць рухацца ў напрамку адмены смяротнага пакарання.

 euroradio.fm