Праваабарончыя арганізацыі патрабуюць ад сілавікоў знайсці Юлію Чарняўскую
Заява ў сувязі з «адсутнасцю інфармацыі пра месцазнаходжанне і працэсуальны статус» Юліі Чарняўскай напісана на імя генпракурора, старшыняў МУС і КДБ.
![eotghpnucaavl_q.jpg eotghpnucaavl_q.jpg](/img/v1/images/eotghpnucaavl_q.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як адзначаецца ў заяве, 18 траўня 2021 года з публічных паведамленняў Яўгеніі Юр’еўны Чарняўскай, а таксама са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што грамадзянка Рэспублікі Беларусь Юлія Вісарыёнаўна Чарняўская ў раёне 9.30 раніцы перастала адказваць на тэлефонныя званкі дачкі, маці, блізкіх, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.
Таксама з публічных паведамленняў стала вядома, што ў першай палове дня Юлія Чарняўская ў суправаджэнні прадстаўнікоў праваахоўных органаў была дастаўлена ў 1-ю гарадскую клінічную бальніцу горада Мінска меркавана з гіпертанічным крызам. Знаёмыя бачылі Юлію Чарняўскую ў бальніцы ў суправаджэнні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Пазней па тэлефонным нумары прыёмнага пакоя бальніцы сталі паведамляць, што Юлія Чарняўская больш не знаходзіцца ў 1-й гарадской клінічнай бальніцы і «адпушчаная дадому».
Тым не менш, яна не знаходзіцца па месцы жыхарства, тэлефонны нумар Чарняўскай не адказвае. Да цяперашняга часу няма афіцыйнай інфармацыі ад прадстаўнікоў праваахоўных органаў пра месцазнаходжанне і працэсуальны статус Юліі Чарняўскай. Яе адвакату на працягу сутак не ўдалося атрымаць інфармацыю аб знаходжанні або адсутнасці Юліі Чарняўскай ва ўстановах (у тым ліку медыцынскіх) сістэмы МУС ці КДБ, а таксама аб яе працэсуальным статусе.
У сувязі з гэтым праваабаронцы прапаноўваюць неадкладна праінфармаваць блізкіх сваякоў (дачку і маці) пра месцазнаходжанне ва ўстановах (у тым ліку медыцынскіх) сістэмы МУС ці КДБ, стан здароўя і працэсуальным статус Чарняўскай Юліі Вісарыёнаўны; пры знаходжанні Юліі Чарняўскай ва ўстановах (у тым ліку медыцынскіх) сістэмы МУС ці КДБ — неадкладна забяспечыць доступ да прававой дапамогі і дапусціць адваката; і, каб пазбегнуць здагадак, — інфармаваць СМІ і грамадскасць афіцыйным прэс-рэлізам.
У дакуменце адзначаецца, што Юлія Чарняўская — вучоная, празаік, драматург, кандыдат культуралогіі, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, спецыяліст па культурнай антрапалогіі, аўтар кніг па культуралогіі, а таксама п’ес, раманаў, аповесцяў, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра. Заяву падпісалі Беларускі ПЭН-цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі «Lawtrend», Ініцыятыва FORB, РГА «Прававая ініцыятыва», Праваабарончы цэнтр «Вясна».