«Улада перакрывае магчымасць быць пачутым грамадствам любому, чыя аўдыторыя перавышае 10 чалавек»
Чаму «справа TUT.BY» наогул не пра падаткі і да чаго імкнецца ўлада, зачышчаючы інфармацыйнае поле ў краіне, разважае эксперт аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Вікторыя Васілевіч.
— TUT.BY закрыты, і дзіўна, што ён яшчэ так доўга працаваў, — разважае Вікторыя Васілевіч на «Прымусе». — Ён быў адзінай беларускай навінавай крыніцай для ЎСІХ беларусаў. Калі нам трэба было атрымаць нейкую ўнутрыбеларускую інфармацыю, кожны найперш, вядома, клікаў менавіта на гэты партал навін, ён быў, што называецца, на «кароткай кнопцы».
Цяпер нас яго пазбавілі, і я абсалютна ўпэўненая ў тым, што, пакуль не зменіцца ўлада і форма праўлення ў Рэспубліцы Беларусь, гэты партал не вернецца. Застаюцца тэлеграм-каналы, Instagram, іншыя вузкія магчымасці выкарыстання матэрыялаў журналістаў, якія яшчэ застаюцца на волі.
І, вядома, трэба думаць аб тым, якім чынам абараняць будучую Беларусь, у тым ліку апускаючыся ў інфармацыйны ўнутрыбеларускі вакуум.
Магчыма, цяпер нейкія расійскія прапагандысцкія каналы тыпу RT або да яго падобных прыйдуць сюды і пачнуць вяшчанне. Таму што спадзявацца на беларускія радыёканалы, якія афіляваныя да ўлады, працуюць на яе і з'яўляюцца яе голасам, або тэлеканалы, якія перасталі глядзець у Беларусі даўным-даўно, <рэжым> ужо не можа: яны не навешваюць дастатковай колькасці локшыны на вушы насельніцтва і патрэбная нейкая дапамога.
Мяркую, мы пачнём атрымліваць гэтую «дапамогу» з Расіі і будзем атрымліваць не «ў лоб», што ўсё ў нас добра, усё развіваецца і ВУП расце, а нейкім вакольным шляхам, нешта накшталт ворагаў, якія ляскаюць гусеніцамі на нашых межах.
Чаму я думаю, што гаворка ідзе пра рэдакцыйную палітыку, пра пазіцыю журналістаў і пра свабоду слова, а не пра падаткі, як заяўляюць улады? Калі прадпрыемства здзяйсняе нейкія падатковыя памылкі або правапарушэнні, яно працягвае працаваць, праходзіць праверку, якая заканчваецца тым ці іншым актам і, па-першае, ліквідуе гэтыя парушэнні, а па-другое, пагашае санкцыі і штрафы, якія выстаўляе дзяржава згодна з дзеючым заканадаўствам.
Паводле gazetaby.media