Прыбываюць вялікімі групамі, гэта сведчыць аб арганізаванасці. На мяжы Латвіі наплыў мігрантаў з Беларусі

У ноч на аўторак, 10 жніўня, на латвійска-беларускай мяжы было затрымана 65 нелегальных мігрантаў, а за мінулыя суткі — прыкладна 200. Пра гэта распавёў начальнік памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуятс, распавядае delfi.lv,.

Гунціс Пуятс. Фота LETA.

Гунціс Пуятс. Фота LETA.

Паводле яго слоў, колькасць нелегалаў, якія перасякаюць латвійска-беларускую мяжу, рэзка павялічылася з 6 жніўня.

Мігранты з Беларусі прыбываюць вялікімі групамі, што, на думку службовай асобы, сведчыць аб прыкметах арганізаванасці. Некалькі разоў уцекачы пераходзілі мяжу групамі па 30 і больш чалавек.

Многія мігранты не ведаюць, што прыбылі ў Латвію: яны думалі, што адразу трапяць у Германію. У іх ліку не толькі мужчыны ў працаздольным узросце, але таксама жанчыны і дзеці.

Пуятс таксама адзначыў, што ў цэнтрах размяшчэння практычна няма месцаў, таму парушальнікаў мяжы прыйдзецца сяліць у намётах.

З улікам сітуацыі ў Літве, а таксама прыняўшы пад увагу ўзрослыя рызыкі на латвійска-беларускай мяжы, латвійскія ўлады для аховы мяжы ўвялі ўзмоцнены нагляд і мабілізавалі рэсурсы Дзяржаўнай памежнай аховы і арміі. Падтрымка аказваецца і з боку Еўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex.

У аўторак урад Латвіі разгледзіць пытанне аб абвяшчэнні надзвычайнай сітуацыі ў памежнай зоне ля латвійска-беларускай мяжы. Калі Кабінет міністраў абвесціць НС у асобных раёнах Аўгшдаўгаўскага і Краслаўскага краёў, то памежнікі атрымаюць дадатковыя паўнамоцтвы для спынення нелегальнай міграцыі і высылкі парушальнікаў мяжы.