Замест Літвы — Латвія. За суткі на мяжы Латвіі злавілі 35 нелегальных мігрантаў. І ўчора 38

За суткі з 12:00 суботы да 12:00 нядзелі на мяжы Латвіі было затрымана яшчэ 35 імігрантаў з трэціх краін, якія спрабавалі незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу.

213078637_4089647434476467_3186995109053132357_n.jpg


Пра гэта паведамляе Delfi са спасылкай на прэс-сакратара Дзяржаўнай памежнай аховы Крысціну Петэрсане. Як мяркуецца, большасць з гэтых імігрантаў з Ірака, піша «Наша Ніва».

Таксама была перахопленая адна група з прыкладна сямі нелегальных імігрантаў.

У папярэднія суткі на мяжы былі затрыманыя 38 нелелагаў.

Латвія ўвяла ўзмоцненае назіранне за мяжой. Падтрымку таксама аказваюць чатыры эксперта Еўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex. У сувязі з сітуацыяй Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы Эстоніі ўзмацніў кантроль на памежных тэрыторыях.

Між тым, у Літве, якая была асноўнай мэтай нелегальнай міграцыі, за апошні тыдзень колькасць затрыманых нелегальных мігрантаў няўхільна скарачалася: з рэкордных 294 — 1 жніўня, да 214 — 2-га, 36 — 3-га, 19 — 4-га і двух — 5 жніўня. 6 і 7 жніўня затрыманых не было ўвогуле. Літоўскі бок імкнецца не прымаць, а адразу вяртаць нелегалаў на сумежную тэрыторыю, паколькі лічыць рост міграцыйных патокаў «гібрыднай вайной» беларускіх уладаў супраць Літвы і Еўрасаюза ў цэлым, адзначае БелаПАН.

6 жніўня ў парламенце кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайтэ паведаміла журналістам, што з пачатку тыдня, калі была прынятая пастанова вяртаць выяўленых на мяжы мігрантаў назад на тэрыторыю Беларусі, у краіну не ўпусцілі 700 чалавек.

Усяго з пачатку 2021 года літоўскія памежнікі затрымалі 4112 нелегалаў.