Рэдактар навін сайта «Першы Рэгіён» Алег Супрунюк дома, заўтра яго працягнуць судзіць

Рэдактара навін сайта «Першы Рэгіён» Алега Супрунюка адпусцілі дадому. Пра гэта журналіст напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, паведаміўшы, што працяг суда адбудзецца заўтра.

suprunjuk_1_07072021_1200x500_1.jpg


Яго затрымалі ў Брэсце ўвечары 6 ліпеня. Ноч ён правёў у міліцыі. Журналіста абвінавачваюць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч.2 арт. 19.11 КаАП). Яму пагражае штраф або адміністрацыйны арышт, паведамляе REFORM.bу.

Гаворка ідзе пра фота да апублікаванай 15 лютага навіны аб уключэнні жыхара Баранавічаў Уладзіміра Гундара ў пералік асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. На фота Гундар апрануты ў кашулю з арнаментам. У чэрвені суд Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці прызнаў арнамент і саму публікацыю экстрэмісцкімі матэрыяламі. Але гэтае рашэнне суда яшчэ не набыло законную моц і можа быць абскарджана.

У пратаколе на Супрунюка пазначана, што ён размясціў навіну 15 лютага, а арнамент на кашулі Гундара нібыта быў прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам яшчэ ў лютым 2017 года па рашэнні суда Кастрычніцкага раёна Мінска. Гэты факт быў выяўлены супрацоўнікам ГУБАЗіКа 25 траўня гэтага года.