Рэдактара навін сайта «Першы рэгіён» судзяць за фота кашулі з арнаментам
Рэдактара навін сайта «Першы рэгіён» Алега Супрунюка судзяць за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Як паведамлялася раней, журналіста забралі з дому каля 22:20 у аўторак, 6 ліпеня. Раніцай стала вядома, што Алег Супрунюк знаходзіцца ў Ленінскім РАУС Брэста, ён затрыманы. Затым Супрунюка даставілі ў суд і разглядаюць яго справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП — «Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», перадае «Радыё Свабода».
Гаворка ідзе пра публікацыю навіны пра спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, у які трапіў жыхар Баранавічаў, інвалід Уладзімір Гундар. Пасля яго асудзілі за «гвалт альбо пагрозу ў дачыненні службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак».
У публікацыі пра затрыманне Гундара выкарыстана яго фота ў кашулі з арнаментам. Сілавікі ўгледзелі ў арнаменце свастыку.
24 чэрвеня ў Ганцавічах прайшоў грамадзянскі працэс па заяве 6-га аддзела ГУБАЗіКа па Брэсцкай вобласці аб прызнанні сімвалу левабаковай свастыкі экстрэмісцкім, а таксама аб прызнанні такім матэрыяла, у якім было фота Гундара ў вышыванцы. Рашэнне яшчэ не набыло моц.
Алег Супрунюк — чалец Беларускай асацыяцыі журналістаў, некаторы час узначальваў яе аддзяленне ў Брэсце. Працаваў у газеце «Брестский курьер» і іншых выданнях. Цяпер — рэдактар навін сайта «Першы рэгіён».
У Беларусі на сёння, паводле даных БАЖ, 25 прадстаўнікоў медыя знаходзяцца ў зняволенні. У прыватнасці, працягваецца крымінальная справа супраць партала TUT.BY, матэрыялы якога могуць прызнаць экстрэмісцкімі. На 2 гады калоніі асуджаныя журналісткі «Белсата» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. Медыяэксперту Андрэю Аляксандраву выставілі абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе.