Тэлеграм-канал Hrodna.life могуць прызнаць экстрэмісцкім

Пракуратура Гродна просіць прызнаць тэлеграм-канал выдання Hrodna.life экстрэмісцкім. Суд прызначаны на 9 ліпеня.

logo_3_1.jpeg


Экспертнае заключэнне зрабіла 24 чэрвеня абласная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет экстрэмізму. Таксама пракуратура аналізавала матэрыялы маніторынгу, які правялі супрацоўнікі УКДБ па Гродзенскай вобласці.
На думку пракуратуры, у тэлеграм-канале Hrodna.life былі апублікаваныя паведамленні, «накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці або палітычнай ці ідэалагічнай варожасці, або варожасці ў дачыненні да якой-небудзь сацыяльнай групы з прычыны таго, што ўтрымліваюць выразы, якія маюць на мэце узбуджэнне рашучасці прымяніць гвалт да пэўнай сацыяльнай групы людзей і накіраваныя на фарміраванне матываў нянавісці да людзей па прыкмеце пэўнай прафесіі і роду заняткаў». Канкрэтных спасылак на публікацыі матэрыялаў або пасты з прыкметамі распальвання варожасці ў лісце не прыводзіцца.
Акрамя таго, у заяве пракурор Гродна Уладзімір Клішын успомніў пра фотаздымак з лагатыпам забароненага ў Беларусі тэлеграм-канала, якія з'явіўся ў канале Hrodna.life 24 траўня і быў выдалены праз некалькі гадзін. За гэты фотаздымак рэдакцыю ўжо аштрафавалі на 14 500 рублёў, а рэдактарка Ірына Новік атрымала штраф у 725 рублёў і была затрыманая на 72 гадзіны.
Пасяджэнне ў судзе Ленінскага раёна (вул. Даватара, 2/1) прызначана на 12.00, 9 ліпеня. Пасяджэнне адкрытае. Каб прысутнічаць, трэба мець пры сабе пашпарт і ў памяшканні суда карыстацца маскай.