Суд адмовіў TUT.BY, які аспрэчваў выснову камісіі, што прызнала яго прадукцыю экстрэмісцкай
Эканамічны суд Мінска 6 і 7 ліпеня разглядаў скаргу на дзеянні камісіі, якая вынесла экспертнае заключэнне аб прызнанні прадукцыі партала TUT.BY і сацсетак выдання экстрэмісцкімі.
Працэс прайшоў у закрытым рэжыме. Суддзя Аляксей Русецкі 7 ліпеня вынес пастанову адмовіць у задавальненні пазову, перадае Радыё Свабода.
Прадстаўнікі экспертнай камісіі ў суд так і не з’явіліся. Прысутнічала толькі адвакатка TUT.BY Марыя Анапольская. Адвакатка сказала, што будзе абскарджваць рашэнне суду.
6 ліпеня ў суд паступіла хадайніцтва экспертнай камісіі, каб пасяджэнне было закрытым, паведаміў суддзя Русецкі. Камісія абгрунтавала гэта тым, што на працэсе могуць быць разгалошанымі пэўныя звесткі, пры гэтым не ўдакладніла, якія канкрэтна.
Адвакатка кажа, што будзе настойваць, каб прадстаўнікі экспертнай камісіі прадставілі дадатковыя дакументы і абгрунтавалі свае высновы.
Пасля кароткага перапынку суддзя абвясціў, што разгляд справы працягнецца ў закрытым рэжыме.
Раней экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяваў экстрэмізму назвала TUT.BY «схаваным каардынатарам пратэстаў».
24 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Мінска ў закрытым рэжыме пачаў разгляд справы аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў TUT.BY. Працэс прыпынілі на няпэўны тэрмін, бо парталам была пададзена заява аб абскарджанні дзеянняў камісіі.
У той жа час адбываецца працэс аб пазбаўленні TUT.BY правоў на льготы, якія партал атрымліваў у якасці рэзідэнта ПВТ. Гэты суд таксама праходзіць у закрытым рэжыме.