Міжнародная прэса пра Беларусь: санкцыі супраць рэжыму трэба ўзмацніць

Захад адрэагаваў на прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі і прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» у траўні 2021 году сур’ёзнымі санкцыямі, але гэтыя санкцыі — недастатковыя.

let_24589287.jpg


Гэтак лічаць Улад Кобец, выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра «International Strategic Action Network for Security», і Дэйвід Крэймэр, даследчык інстытута Макейна і былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага.

«Падобна, што санкцыі прымусілі рэжым у Мінску вызваліць з турмы беларускага журналіста Рамана Пратасевіча, які быў захоплены падчас рэйсу "Ryanair", і замест гэтага змясціць яго пад хатні арышт, — пішуць Кобец і Крэймэр у апошнім выданні «Foreign Policy». — Яны не свабодныя, але вызваленне з сумнавядомых турмаў Беларусі — гэта першы крок», цытуе артыкул «Радыё Свабода».

Аўтары робяць выснову: «Вызваленне Пратасевіча не адбылося б без ціску з боку заходніх санкцый, асабліва санкцый ЕС. Цяпер Захад не павінен вяртацца да ранейшага ўзору змякчэння санкцый пасля вызвалення зняволеных — не ў апошнюю чаргу таму, што ў турмах Лукашэнкі па-ранейшаму больш за 500 палітычных вязняў».

Падобную выснову робіць Фрэнсіс Шын, малады амерыканскі даследчык міжнародных знешнепалітычных стасункаў.

«Затрыманне беларускага дысідэнта Рамана Пратасевіча пасля вымушанай пасадкі рэйса "Афіны-Вільня" ў Мінску выклікала глабальнае асуджэнне беларускага прэзідэнта Лукашэнкі. Гэта таксама ўяўляе трывожную тэндэнцыю транснацыянальных рэпрэсій з боку аўтарытарных дзяржаў ва ўсім свеце», — піша Фрэнсіс Шын у выданні «New Eastern Europe».

«Цалкам верагодна, што гэтая штораз часцейшая з’ява толькі ўзмоцніцца, калі дзяржавы Еўрасаюза і іх дэмакратычныя партнёры не будуць цвёрда выступаць супраць гэтых дзеянняў. Такім чынам, Злучаныя Штаты павінны працаваць з ЕС, каб выпрацаваць больш моцныя санкцыі ў дадатак да цяперашніх супраць рэжыму Лукашэнкі. Для таго, каб заняць цвёрдую пазіцыю супраць транснацыянальных рэпрэсій, яны павінны ўключаць санкцыі, звязаныя з Беларуссю, супраць Расіі», — адзначае амерыканскі даследнік.

Выданні «Newsweek» і «Politico» пішуць пра міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы і прыводзяць словы Лукашэнкі, якія ён выказаў на ўрадавым пасяджэнні 6 ліпеня: «Калі нехта думае, што мы цяпер закрыем мяжу з Польшчай, Літвой, Латвіяй і Украінай і ператворымся ў адстойнік збеглых з Афганістана, Ірана, Ірака, Лівіі, Сірыі, Туніса, то ён проста памыляецца як мінімум. Мы ніколі не будзем нікога трымаць: яны ж не да нас ідуць, яны ідуць у культурную, цёплую, утульную Еўропу», — заявіў тады Лукашэнка.

Абодва выданні адзначаюць, што ў сувязі з міграцыйным крызісам Літва абвясціла рэжым надзвычайнай сітуацыі.

«Адмова Беларусі супрацоўнічаць з ЕС у спыненні нелегальнай міграцыі з’яўляецца помстай за тое, што ЕС уводзіць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі за арышт журналіста ў траўні пасля перанакіравання яго рэйса ў Беларусь», — адзначае «Newsweek».

Сайт тэлеканала CNN апублікаваў вялікі і падрабязны артыкул пра Юрася Зянковіча, беларускага юрыста з амерыканскім грамадзянствам, які быў затрыманы ў Маскве, перавезены ў Беларусь і, разам з Рыгорам Кастусёвым і Аляксандрам Фядутам, абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса («Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»). Абвінавачаным пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Артыкул цытуе жонку Зянковіча Алену Дзенісавец, якая кажа, што абвінавачанні супраць яе мужа недарэчныя і што нават калі ён прызнаўся, дык зрабіў гэта, каб ратаваць сваё жыццё.

«Амбасада ЗША ў Мінску заяўляе, што не можа абмяркоўваць справу — і паколькі Зянковіч з’яўляецца двайным грамадзянінам, консульскія службовыя асобы не маюць аўтаматычнага права яго бачыць», — адзначае CNN.