Швейцарыя пашырыла санкцыі супраць улад Беларусі
Швейцарыя пашырыла свае санкцыі супраць Беларусі, заявіў у сераду ўрад краіны.

Швейцарыя такім чынам далучылася да іншых краін пасля таго, як улады Беларусі перахапілі рэйс «Ryanair» у траўні і арыштавалі блогера-дысідэнта на борце, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на «Reuters».
Еўрапейскі саюз у мінулым месяцы увёў у дачыненні да Беларусі шырокамаштабныя эканамічныя санкцыі, якія маюць на мэце яе асноўныя экспартныя галіны і доступ да фінансаў.
Урад Швейцарыі дадаў 78 фізічных асоб і сем арганізацый у свой санкцыйны спіс у дачыненні да Беларусі, паведамляе Дзяржаўны сакратарыят па эканамічных пытаннях на сваім вэб-сайце. Абмежаванні набылі моц сёння а 16-й гадзіне па мінскім часе.
Швейцарыя ўпершыню ўводзіла санкцыі супраць Беларусі ў 2006 годзе на знак пратэсту супраць парушэнняў вяршэнства закону і правоў чалавека.
За ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў беларускай калоніі цяпер знаходзіцца грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ.