Салідарныя з Украінай беларусы вязуць сродкі для вайскоўцаў, параненых на Данбасе
Выканаць пачэсную місію — адвезці грошы, сабраныя на дабрачыннай акцыі салідарнасці з украінцамі «Мы любім украінскі боршч», што арганізавала на сядзібе Партыі БНФ 9 верасня Вольга Мікалайчык, вызваліся Арцём Лява, Алесь Марчанка і Юрась Шпак-Рыжкаў.
«Гэта было спантаннае рашэнне. Мы значна раней планавалі паездку на выходныя ў Львоў. Але на дабрачыннай вячэры 9 верасня, дзе мы частаваліся ўкраінскім баршчом і рабілі ахвяраванні,
вырашана было змяніць маршрут і паехаць у Кіеў. Менавіта там нас будзе чакаць валанцёрка Тацяна Давідзенка з суполкі, якая займаецца зборам грошай і закупкай неабходных лекаў для параненых у баях з
акупантамі ўкраінскіх ваяроў. Адразу хачу сказаць, што мы едзем за свае ўласныя грошы — утрох будзем скідацца на паліва і самастойна харчавацца. А начаваць збіраемся на кватэры ўкраінскага
актывіста», — кажа Арцём Лява.
Паводле арганізатараў акцыі «Мы любім украінскі боршч», 9 верасня ў асноўным ахвяравалі беларускія рублі, але былі таксама даляры, крыху грыўняў, еўра і нават 200 расійскіх
рублёў. Агулам атрымалася каля 720 даляраў у эквіваленце.
svaboda.org