Санкцыі не працуюць? «Synesis» спрабуе «схаваць» ад іх яшчэ дзве свае кампаніі
У канцы сакавіка 2021 года «Synesis» прыдумала яшчэ адзін спосаб «схавацца» ад санкцый ЕС. Як высветліла «Еўрарадыё», у звязаных з «Synesis» кампаній «24х7 Паноптэс» і «Сінэзіс Стратус» змяніліся ўласнікі. Раней заснавальнікам абедзвюх значылася ТАА «Сінэзіс». Цяпер гэта ўладальнік кампаніі Аляксандр Шатроў.
![Аляксандр Шатроў і адзін з галоўных прадуктаў «Synesis» — сістэма «Kipod». Калаж «Еўрарады». Аляксандр Шатроў і адзін з галоўных прадуктаў «Synesis» — сістэма «Kipod». Калаж «Еўрарады».](/img/v1/images/synesis_euroradio.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аляксандр Шатроў і адзін з галоўных прадуктаў «Synesis» — сістэма «Kipod». Калаж «Еўрарады».
Юрыдычныя адрасы абедзвюх кампаній — па-ранейшаму ў суседніх памяшканнях офіснага будынка на вуліцы Платонава.
Кампанія «Synesis» у канцы 2020 года трапіла пад еўрапейскія санкцыі. Прычынай стала тое, што прадукт фірмы — сервіс «Kipod» — выкарыстоўваецца сілавікамі і можа дапамагаць ідэнтыфікаваць людзей. Асабістых санкцый супраць Шатрова Еўрапейскі саюз не ўводзіў.
Адразу пасля трапляння пад санкцыі «Synesis» паспрабаваў вывесці свае актывы з-пад удару. Частка з афіляваных з ім фірм, у назве якіх прысутнічала слова «Сінэзіс», былі афіцыйна перайменаваныя. З уласнікаў галаўной арганізацыі выйшаў бізнесмен Аляксей Алексін, якога часта называюць «гаманцом Лукашэнкі».
«24х7 Паноптэс» займаецца сістэмай «Kipod», да якой падключаюцца камеры па ўсёй краіне. Фірма — аператар Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Софт дазваляе ідэнтыфікаваць людзей на відэа. У «Synesis» апраўдваюцца: маўляў, пратэстоўцаў нельга «пазнаць» пры дапамозе іх прадукта. Былыя сілавікі, якія цяпер уваходзяць у ініцыятыву ByPol, гавораць пра адваротнае.
«Сінэзіс Стратус» таксама займаўся сервісамі распазнавання твараў. Напрыклад, яшчэ ў 2018-м кіраўніцтва фірмы хвалілася дзяржаўным СМІ, што пры дапамозе іх праграм відэакамеры змогуць распазнаваць і пералічваць вучняў школ.