Сябраў нарвежскага і дацкага ПЭН-цэнтраў не ўпусцілі ў Беларусь

У ноч на 5 cнежня ў аэрапорце Мінск-2 прадстаўнікам нарвежскага ПЭН-Цэнтра (генеральны сакратар Карл Мортан Іверсан, сябра Праўлення Уільям Нюгард і выдавец Трыгве Ослюнд) і дацкага ПЭН-Цэнтра (сябра Праўлення і журналіст Нільс-Івар Ларсан) адмовілі ў візах.



48000647b315f6f00f913caa757a70b3.jpg

У ноч на 5 cнежня ў аэрапорце Мінск-2 прадстаўнікам нарвежскага ПЭН-Цэнтра (генеральны сакратар Карл Мортан Іверсан, сябра Праўлення Уільям Нюгард і выдавец Трыгве Ослюнд) і дацкага ПЭН-Цэнтра (сябра Праўлення і журналіст Нільс-Івар Ларсан) адмовілі ў візах.
Пра гэта яны паведамілі сваім калегам з ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», з якімі планавалі сустрэцца ў Мінску. Акрамя журналістаў, госці меркавалі спаткацца з прадстаўнікамі беларускага ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, мясцовымі аўтарамі і выдаўцамі. Да вандроўкі рыхтаваліся некалькі месяцаў.
Прыбыўшы каля гадзіны ночы ў аэрапорт, скандынаўскія госці збіраліся аформіць двухдзённыя турыстычныя візы. (Такі спосаб атрымання візаў прадугледжаны для грамадзян краін, у якіх няма беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва, і Данія з Нарвегіяй — акурат такія краіны.)
Паводле суразмоўцы БАЖ, яны мелі запрашэнне ад мясцовага турыстычнага агенцтва, і ўсе дакументы — на атрыманне віз, пералёт, пражыванне ў гатэлі — рыхтаваў нарвежскі турагент, які спецыялізуецца на Усходняй Еўропе.
«Спачатку спецыяліст па візах, праглядзеўшы маю анкету на візу і пашпарт, захацеў пагутарыць з чалавекам, які нас сустракаў, — распавёў БАЖ Карл Мортан Іверсан, арганізатар паездкі. — Я яму патэлефанаваў, і яны паразмаўлялі. Відавочна, гэтага падалося недастаткова, бо афіцэр захацеў паразмаўляць з прадстаўнікамі турагенцтва, якое нас запрашала. Я патэлефанаваў па „гарачай лініі“, але ніхто не адказаў, бо было ўжо каля трох гадзін ночы. На што афіцэр адказаў, што трэба было ляцець ранейшым рэйсам.
Пасля дыскусій супрацоўнік пачаў афармляць дакументы і сказаў, што консульскі збор за 4 візы складзе 360 еўра, і мы аддалі яму гэтую суму. Праз 20 хвілін прыйшла жанчына ў форме, забрала нашы пашпарты і сказала нам чакаць яе тут. Трошкі пазней нас правялі да багажнага аддзялення — каб мы забралі нашы рэчы, бо аэрапорт зачыняўся. Потым — назад ў візавы аддзел. Пасля ці то супрацоўнік аэрапорта, ці то памежнік правёў нас у транзітную зону, дзе папрасіў зноў пачакаць, пад наглядам жанчыны-афіцэра. Нам мала што тлумачылі, але ў выніку мы зразумелі, што павінны чакаць ранішніх адлётаў назад у Нарвегію і Данію, а пашпарты нам вернуць падчас пасадкі на зваротны рэйс.
Праз пэўны час прыйшла супрацоўніца памежнай службы, якая прыстойна размаўляла па-англійску, і растлумачыла, што консул вырашыў адмовіць нам у візах, і мы не можам аспрэчваць гэтага рашэння. Яна падкрэсліла, што ў беларускіх уладаў ёсць права адмаўляць у візе, хаця пры гэтым і была запатрабавана аплата консульскага збору.
Нас трымалі ў месцы без доступу да ежы і напояў. У пэўны момант у аднаго з удзельнікаў дэлегацыі здарыліся праблемы з сэрцам, і ён папрасіў вады запіць лекі. Калі наша “ахоўніца не зразумела, ён запатрабаваў лекара. Трохі пазней прыехала лекарка і прапанавала агледзець яго, але ён адмовіўся і растлумачыў, што яму проста патрэбная вада. Гэты інцыдэнт справакаваў палкую спрэчку паміж лекаркай і ахоўніцай. Каля шасці гадзін раніцы адлятаў самалёт у Франкфурт з двума вольнымі месцамі, так што два нашых калегі паляцелі назад. Яны атрымалі свае пашпарты каля выхаду. Два чалавекі засталіся чакаць рэйса на 15:30».
Сябра Праўлення нарвежскага ПЭН-Цэнтра Уільям Нюгард ужо пракаментаваў інцыдэнт на сайце нарвежскай штодзённай газеты Aftenposten: «Важна паказаць усяму свету, які рэжым кіруе ў Беларусі — гэта адна з праблем, якімі займаецца ПЭН. Беларусь — удзельнік ААН, і важна, каб мы рэагавалі, калі яны так сябе паводзяць…»
Прэс-служба ГА "БАЖ"