Сяргей Ціханоўскі: Упэўнены, што беларусы змогуць аб'яднацца вакол лідараў і перамагчы.

Палітзняволены блогер і муж Святланы Ціханоўскай адказаў на пытанні беларусаў.

cihanouski_9000.jpg

29 мая 2020 года стала апошнім днём, калі ў нас была магчымасць свабодна падысці да Сяргея і зрабіць фота з блогерам, які заваяваў імклівую папулярнасць сярод беларусаў сваёй адвагай і імкненнем да праўды. Мы ўдзячныя за пытанні, што вы пакідалі Сяргею, і спяшаемся падзяліцца яго адказамі з-за кратаў, піша «Краіна для жыцця».

— Адкруціўшы час назад, ты пайшоў бы на ўсё гэта? Ведаючы што пазбавішся сям'і, дзяцей, свабоды?

— Вядома, так! Ніхто не ведае, колькі нам адведзена. Заўтра нас можа збіць машына. Таму лічу, што жыць трэба сёння. І жыць трэба так, каб потым, азіраючыся на сваё жыццё, не было сорамна. Жыць трэба з годнасцю. Тады ніколі ні аб чым ня будзеш шкадаваць.

Мала хто памятае, але перад маім затрыманнем у Гродне 29 траўня я ўсяго 8 дзён быў на волі пасля выхаду з ІЧУ. Я пражыў гэтыя 8 дзён, як быццам у мяне былі крылы.

Тысячы людзей фатаграфаваліся са мной і выказвалі падтрымку. Я бачыў як людзі паверылі ў сябе. Не кожны можа пахваліцца, што пражыў хаця б адзін такі дзень, як я.

Ідучы на кампраміс са сваім сумленнем, заплюшчваючы вочы на несправядлівасць і беззаконне, адмоўчваючыся, многія думаюць, што так яны зберагуць сваё жыццё. На самай справе яны так змогуць толькі падоўжыць сваё існаванне, а не жыццё.

— За час, праведзены за кратамі, ці не расчараваўся ты ў беларусах?

— Не, не расчараваўся. Атрымаў тысячы лістоў у турме, і бачу, што людзі змагаюцца і робяць усё магчымае. Упэўнены, што беларусы змогуць аб'яднацца вакол лідараў і перамагчы.

— Калі выйдзеш на волю, працягнеш займацца праектам «Краіна для жыцця» або займешься чымсьці новым?

— Я не ведаю, калі выйду, таму не магу нешта планаваць. Цяпер гэта бессэнсоўна. Але ў мяне ёсць смелыя і рэвалюцыйныя ідэі, якія дазволяць беларусам жыць лепш.