Сёння ў Мядзеле адкрылі першы ў Беларусі помнік Максіму Танку
Помнік паэту Максіму Танку адкрылі ў Мядзеле ў другой палове дня 5 снежня.
Выкананы з бронзы помнік устаноўлены ля гарадскога Дома культуры. Вышыня яго – амаль тры метры. Скульптурная кампазіцыя ўяўляе сабой фігуру паэта ў поўны рост на гранітным пастаменце.
Урачысты момант. Фота Алеся Высоцкага.
Побач размешчаны валун з выявай разгорнутай кнігі з радкамі з верша паэта “Ёсць адна песня песняў – пра Радзіму”.
Аўтарамі кампазіцыі з’яўляюцца скульптары ІванМіско і Аляксандр Фінскі, архітэктар Армен Сардараў.
Аўтары кампазіцыі. Фота Алеся Высоцкага.
У адкрыцці бралі ўдзел прадстаўнікі Мядзельскага райвыканкама, Міністэрства культуры, літаратары, аўтары помніка, землякі і сваякі паэта.
Выступае народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч. Фота Алеся Высоцкага.
Папярэднічалі адкрыццю наведанне магілу паэта ў вёсцы Новікі і знаёмства з музеем у Сваткаўскай сярэдняй школе. У Мядзельскім ГДК адбылася літаратурна-музычная гасцёўня з удзелам паэтаў.
Завяршыла святочныя мерапрыемствы выступленне Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча ў зале райвыканкама.
На выставе ў райвыканкаме. Фота Алеся Высоцкага.