Стала вядома, як будзе выглядаць помнік Пілецкаму ў Варшаве
Конкурс на помнік ратмістру Вітальду Пілецкаму выйграў праект "Morfenes".
Аўтары пераможнага праекта – Яцак Кіціньскі і Рафал Стаховіц з Семяновіч Слёнскіх. Варшаўская мэрыя ўжо абвесціла, што помнік установяць у сталічным раёне Жалібаж, дзе Пілецкага арыштавалі падчас Другой сусветнай вайны і выслалі ў Асвенцым.
Пераможцы конкурсу атрымаюць узнагароду ў памеры 60 тысяч злотых.
Усе праекты дасланыя на конкурс помніка Вітальду Пілецкаму можна будзе пабачыць на выставе ў Палацы культуры і навукі. Экспазіцыя будзе адчыненая 10 снежня.
Вітальд Пілецкі праславіўся тым, што дабравольцам адправіўся ў канцлагер Auschwitz, каб стварыць там падпольную арганізацыю. Ён першы перадаў на волю інфармацыю аб нацысцкіх злачынствах у канцлагеры, аказваў дапамогу вязням, арганізаваў некалькі ўцёкаў. Пасля таго, як Вітальд Пілецкі сам уцёк з канцлагеру, ён змагаўся ў Варшаўскім паўстанні. Пасля вайны ротмістар быў арыштаваны камуністычнымі ўладамі і расстраляны.
Жыццё Пілецкага цесна звязана з Беларусьсю. Перад вайной ён жыў у маёнтку Сукурчы пад Лідай. Тут нарадзіліся яго дзеці. На жаль, сёння ад маёнтку Пілецкіх не засталося нават слядоў.