Скульптар Гэнік Лойка на Акрэсціна. Прысуд — 20 сутак
Стаў вядомы прысуд вядомаму беларускаму скульптару Гэніку Лойку, затрыманаму 1 лістапада падчас Марша «Дзяды супраць тэрору» — 20 сутак. Зараз ён знаходзіцца на Акрэсціна.

Вядомы беларускі скульптар быў затрыманы 1 лістапада каля станцыі метро «Маскоўская» і дастаўлены у Заводскае РУУС. Сёння стала вядома, што яму прысудзілі 20 сутак па адміністрацыйных артыкулах, без штрафу. Асуджаныя падобным чынам кажуць, што найверагодней гэта па дзесяць сутак за два артыкулы — 23.34 і 23.4 (непадпарадкаванне).
Зараз Гэнік Лойка знаходзіцца на Акрэсціна. Яго сваякі мяркуюць, што, калі там будзе перапоўнена, яго могуць перавезці. Адзінае, што добра — яму не прыпісалі беспадстаўнай крыміналкі, як некаторым. Але яго чакаюць дома жонка і дзеці, якія вераць, што ўсё будзе добра.
Гэнік Лойка — знаны скульптар, вядомы абаронца беларускай мовы, змагар за беларускамоўную адукацыю, арганізатар унікальных скульптурных пленэраў «Легенды з пяску». Але, напэўна, найбольш вядомы, як аўтар помніка Тадэвушу Касцюшку ў Косава, за які ён высакародна адмовіўся браць грошы.