Слонімскія ўлады не дазволілі пікет за кансалідацыю грамадства

25 сакавіка грамадскія актывісты планавалі правеці ў гарадскім парку ў Слоніме пікет за кансалідацыю беларускага грамадства на ідэі ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці краіны. Для гэтага мясцовы жыхар Віктар Марчык накіраваў у Слонімскі райвыканкам адпаведную заяву.

Віктар Марчык

Віктар Марчык

Таксама ў заяве ўказвалася, што слонімцы на пікеце ў чарговы раз будуць заклікаць беларускія ўлады спыніць прававое бязмежжа ў краіне, вызваліць усіх палітвязняў і правесці сёлета новыя справядлівыя прэзідэнцкія выбары.
У адказе, падпісаным намеснікам старшыні Слонімскага райвыканкама Тэрэзай Юшкевіч, сказана, што, у адпаведнасці з ч.6 арт. 4 «Закона аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», у правядзенні пікету слонімцам адмоўлена.

adkaz_piket_1_novy.jpg


Карэспандэнт «Газеты Слонімскай» папрасіў заяўляльніка Віктара Марчыка пракаментаваць сітуацыю з адмовай у правядзенні ў Слоніме пікету.
Летась мяне незаконна прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП РБ за тое, што я збіраў подпісы за адкліканне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валянціна Семянякі. З-за гэтага цяпер мяне пазбавілі права выступаць у якасці арганізатара масавага мерапрыемства… Зрузумела, улада, якую мы не выбіралі, баіцца любых масавых выступленняў людзей. Таму і напрыдумлялі законаў, якія абмяжоўваюць правы чалавека…
Дарэчы, летась па артыкуле 23.34 КаАП да адказнасці прыцягнулі больш за сотню слонімцаў. І цяпер ніхто з іх (у тым ліку і я) не можа выступаць у якасці арганізатара таго ж пікету… Такі прававы абсурд атрымліваецца, — адзначыў Марчык.