Случчане хочуць беларусізаваць гарадскую коўзанку
Случанне просяць уключыць беларускія песні ў рэпертуар музычнага суправаджэння гарадскога катка. Пад калектыўным зваротам у мясцовы гарадскі аддзел спорту і турызму падпісаліся 40 чалавек.

На гарадскім стадыёне Слуцка ў студзені запрацаваў каток. Дарослыя і дзеці маюць магчымасць коўзацца ў выходныя дні. Каб ім было весялей гэта рабіць, на катку з ранку і да вечара гучаць песні. На жаль, толькі рускамоўныя.
— Мяне ўжо «дастаў» у Слуцку навакольны «рускі свет». Куды ні пойдзеш — шыльды і ўказальнікі аформлены па-расійску, чыноўнікі размаўляюць толькі на расійскай мове, у крамах прадаўцы абслугоўваюць таксама толькі на расійскай мове, — гаворыць адзін з падпісантаў звароту Уладзімір Адзярыха. — Расійская «папса» пануе на розных святочных мерапрыемствах горада. Цяпер і на выходных нельга пагуляць у гарадскім парку, што месціцца побач з катком, бо з катка нахабна лезе ў вушы «рускі свет», адмыслова ўзмоцнены гукавымі ўзмацняльнікамі.

Па словах Уладзіміра, яго знаёмыя, якія жывуць у цэнтры горада, па гэтай прычыне перасталі выходзіць на вуліцу па выходных.
Жыхарка горада Святлана мае працоўнае месца непадалёку ад гарадскога стадыёна.
— Мне вельмі добра чутна музыка. Яна гучыць на выходных на працягу дня, — дзеліцца сваімі думкамі жанчына. — Я люблю слухаць музыку і песні, але мяне здзіўляе, чаму нельга ўключыць штосьці і на роднай мове. У нашай краіне існуе шмат цудоўных беларускіх песень, розных беларускамоўных груп. Мне было б вельмі прыемна іх пачуць.
З гэтай нагоды старшыня Слуцкага таварыства беларускай мовы Зінаіда Цімошак таксама накіравала асабісты зварот на імя начальніка аддзела спорту і турызму Аляксандра Вежнаўца.

У сваім звароце яна просіць уключыць беларускія песні ў праграму музычнага суправаджэння коўзанкі. Таксама яна напамінае чыноўніку аб тым, што случчане жывуць у краіне пад назвай «Беларусь», што ў краіне дзейнічае заканадаўства аб дзвюх дзяржаўных мовах і трэба праяўляць павагу не толькі да мовы іншага народа.