Служыце дзяржаве, а не «гаспадару»!

Святлана Ціханоўская звярнулася да дзяржаўных службоўцаў, якія думаюць пра інтарэсы дзяржавы, у сувязі з затрыманнем сябра Прэзідыума Каардынацыйнай Рады Ліліі Уласавай.

Лілія Уласава, Фота Яўген Адзінокаў / РИА Новости)

Лілія Уласава, Фота Яўген Адзінокаў / РИА Новости)


"Лілія Уладзіміраўна — вядомы ў краіне юрыст, спецыяліст па ўрэгуляванні канфліктаў да суда. Яе ўдзел можа быць вельмі карысным, калі прадстаўнікі ўлады наважацца абмеркаваць выхад з палітычнага крызісу шляхам перамоваў. Вызваліце Лілію Уласаву і спыніце ціск на Каардынацыйную Раду! Вызваліце затрыманых раней Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага!
Прычына таго, што адбываецца ў Беларусі – зусім не Каардынацыйная рада, а нежаданне чалавека, які прайграў выбары, прызнаць волю народа і пакінуць сваю пасаду. Людзі страцілі да яго давер і павагу, і ён не зможа больш кіраваць краінай. Каардынацыйная рада створана для таго, каб сталі магчымымі перамовы аб шляхах выхаду з палітычнага крызісу. Ціск на Каардынацыйную раду не верне павагі да Лукашэнкі. І, калі зыходзіць з інтарэсаў дзяржавы, усё роўна прыйдзецца пачынаць перамовы".
Святлана Ціханоўская заклікала чыноўнікаў думаць пра інтарэсы краіны, а не пра інтарэсы збанкрутавалага чалавека, які лічыць сябе яе "гаспадаром". "Мы можам і павінны знайсці выхад з крызісу, каб краіна пайшла наперад".