Ціханоўская: «Я катэгарычна не згодная са сцвярджэннем, што на выбарах мы не змаглі перамагчы»
Святлана Ціханоўская пракаментавала ўчорашнюю заяву Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі аб стварэнні партыі «Разам».
«Стварэнне новых палітычных партый — пазітыўны працэс і прыкмета імкнення да дэмакратыі. Таму я пазітыўна гляджу на ініцыятыву Віктара Бабарыкі стварыць сваю партыю. У свабоднай дэмакратычнай краіне кожны мае на гэта права. Разам з тым, я пачула ў заяве штаба Віктара Бабарыкі два сцвярджэнні, з якімі катэгарычна не згодная.
Па-першае, я катэгарычна не згодная са сцвярджэннем, што на выбарах мы не змаглі перамагчы. Усе ведаюць, што гэта не так. Мы перамаглі, але нашу перамогу спрабуюць скрасці. Менавіта таму людзі выйшлі на масавы пратэст, менавіта таму пачаліся забастоўкі, менавіта таму пратэстуе ўсё наша грамадства — ад студэнтаў да пенсіянераў, ад спартсменаў да прадпрымальнікаў.
Па-другое, я не згодная, што першая задача, якая стаіць перад намі — гэта канстытуцыйная рэформа. Такая пастаноўка мэты не адказвае патрабаваннем беларускага народа, і выглядае двухсэнсоўнай, бо сёння Лукашэнка спрабуе адцягнуць свой сыход, ведучы гаворку пра незразумелую канстытуцыйную рэформу ў нявызначаныя тэрміны. <...>
Не трэба падмяняць палітычную павестку шляхам пераходу да абмеркавання канстытуцыйнай рэформы. Заклікаю пачуць тое, што кажа народ. Спачатку — патрабаванні грамадзян, потым — рэформы, якія магчымыя толькі пасля сумленных выбараў. Думаю, пасля новых прэзідэнцкіх выбараў нам варта было б захаваць адзінства і стварыць шырокі грамадскі рух з удзелам усіх зацікаўленых партый і грамадзян».
Усё гэта — рэакцыя Святланы на відэа Віктара Бабарыка і Марыі Калеснікавай. У ёй Віктар зрабіў заяву, што «мы не змаглі перамагчы на выбарах» і што следам трэба працаваць над канстытуцыйна рэформай. Глядзіце самі:
Паводле kyky.org