Штаб Бабарыкі патлумачыў, чаму ў звароце гаварылася пра паразу на выбарах
Штаб Віктара Бабарыкі патлумачыў заяву наконт стварэння партыі "Разам" і адказаў на крытыку.
— Рашэнне аб стварэнні партыі "Разам" — гэта ініцыятыва Віктара Бабарыка, Марыі Калеснікавай і штаба Бабарыка. Стварэнне партыі не закранае працу Каардынацыйнай Рады. Каардынацыйная рада — адзіная пляцоўка дыялогу ўсіх палітычных і грамадскіх сіл краіны.
Зварот быў запісаны 14 чэрвеня 2020 на выпадак, калі Віктар Бабарыка не зможа ўдзельнічаць у выбарах. Мы цалкам згодныя са Святланай Ціханоўскай у тым, што Святлана Ціханоўская набрала большасць галасоў і атрымала перамогу на выбарах 9 чысла 2020 года. З-за шматлікіх парушэнняў і фальсіфікацый перамога была скрадзеная, і мы бачым неабходнасць у правядзенні новых сумленных выбараў.
Сёння ўжо ніхто не сумняваецца ў тым, што нас большасць і што мы перамаглі. Ніводзін беларус не сумняваецца ў перамозе Святланы Ціханоўскай, і ў тым, што яе перамогу скралі.
Мы абсалютна згодныя са Святланай Ціханоўскай, што галоўнае ў бягучым моманце — дамагацца тых патрабаванняў, якія былі кансалідавана агучаныя Каардынацыйнай Радай і грунтуюцца на перадвыбарнай праграме Святланы Ціханоўскай. Гэтыя патрабаванні, як і праграма Святланы Ціханоўскай былі ўзгодненыя і падтрыманы Марыяй Калеснікавай і камандай Віктара Бабарыкі.
Сябры партыі "Разам" будуць прымаць актыўны ўдзел у працы Каардынацыйнай Рады і спрыяць вырашэнню ўнутрыпалітычнага крызісу шляхам дыялогу.
Змяненне Канстытуцыі было ініцыявана намі 19 чэрвеня шляхам правядзення рэферэндуму і з'яўляецца адной з галоўных доўгатэрміновых палітычных задач. Без абмежавання тэрмінаў паўнамоцтваў прэзідэнта, без выразнага падзелу ўладаў, без рэальнай працы парламента мы не бачым магчымасці сфармаваць эфектыўную сістэму кіравання дзяржавай.
Мы пачынаем фарміраванне доўгатэрміновай палітычнай сілы, якая будзе ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах будаўніцтва новай Беларусі.
Разам — пераможам!