«Саша, ты адлічаны!» і новыя ініцыятывы ў штабе Бабарыкі. Найважнейшае за 1 верасня

У дзень ведаў, канешне, адзначыліся студэнты. Маштабная і ўразлівая акцыя пратэсту прайшла па Мінску. Але гэта не азначае, што ўсе астатнія ініцыятывы менш важныя.

e119012dadc80c2238617318572e59f4_1.jpeg


Студэнты проста спрабавалі прайсці да Міністэрства адукацыі і перадаць міністру Ігару Карпенку петыцыю з патрабаваннямі новых і свабодных выбараў. Але і Мінадукацыі, і некаторыя выкладчыкі (напрыклад, у МДЛУ і БНТУ) адгарадзіліся ад сваіх навучэнцаў АМАПам. «Пагулянкі па горадзе» з перманентнымі затрыманнямі адбыліся, але, калі настаўнікі адгароджваюцца ад сваіх выхаванцаў сілавікамі — гэта чарговае «дно» нашай сістэмы адукацыі.

Ці можна вучыць дзяцей разумнаму, добраму і вечнаму з-за міліцэйскага шчыта і пад АМАПаўскай дубінкай? Як студэнты будуць глядзець на такіх выкладчыкаў? І больш цікава — як гэтыя выкладчыкі будуць глядзець у вочы сваім студэнтам?

Работнікі Беларускай чыгункі напісалі калектыўны ліст, у якім сярод іншага выступаюць за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі і правядзенне новых выбараў, асуджаюць гвалт з боку сілавікоў. Пад зваротам падпісаліся амаль 1150 чалавек. Ліст накіравалі ў тым ліку ў Савет міністраў, Вярхоўны суд, Мінаблвыканкам, Мінгарвыканкам.

Некалькі дзясяткаў шахцёраў, якія падтрымліваюць стачку «Беларуськалія», выйшлі да адміністрацыйнага будынка аб’яднання, размешчанага ў цэнтры Салігорска. Ля ўваходу ў галаўны офіс у іх адбылася сустрэча з в.а. кіраўніка незалежнага прафсаюза гарнякоў ААТ «Беларуськалій» Анатолем Рылавым, а таксама кіраўнікамі НПГ усіх рудаўпраўленняў. Працаўнікі прадпрыемства па закліку страйкаму працуюць паводле інструкцыі, выконваючы тэхніку бяспекі на працоўных месцах. Гэта азначае «італьянскую забастоўку».

photo_2020_09_01_13_45_15_1.jpg


На «ланцугі салідарнасці» выходзілі будаўнікі, працоўныя МЗКТ і МТЗ.

Штаб Віктара Бабарыкі апрылюдніў архіўнае відэа, запісанае на выпадак паразы на выбарах з ініцыятывай стварэння палітычнай партыі. Канешне, няма сумневаў, што партыя набярэ неабходную для рэгістрацыі тысячу чальцоў вельмі лёгка. Але таксама няма сумневаў у тым, што яе не зарэгіструюць, бо за апошнія два дзесяцігоддзі не было зарэгістравана ніводнай палітычнай партыі. Таму відавочна, што гэты крок зроблены не з мэтай стварыць палітычную структуру, а з іншай. Напрыклад, не даць сцішыцца ініцыятыве людзей.

Імаверна, у краіне з’явіцца яшчэ адна ахвяра АМАПаўскага бязмежжа. Аляксандр Будніцкі знік увечары 11 жніўня, і знайшоўся мёртвым каля ўніверсаму «Рыга», дзе тады быў жорсткі разгон пратэстных акцый. Ён жыў самотна, таму яго сваякі і знаёмыя спахапіліся толькі цяпер.

Міліцыя кажа, што, яму стала «кепска з сэрцам» 11 жніўня ля ўніверсама «Рыга», і гэтаму ёсць сведкі. Следчы камітэт кажа, што «щ названыя даты факты смерці каля ГЦ "Рыга" не зарэгістраваныя». З-за разыходжання ў паказаннях няма веры ні першым, ні другім.

elena_karagacheva_bank_1.jpg


З СІЗА КДБ выйшла на волю экс-памочніца Віктара Бабарыкі Алена Карагачава, якая праходзіць па справе «Белгазпрамбанка» і абвінавачваецца ў нясплаце падаткаў. Яе затрымалі ўвечары 1 ліпеня. Праваабаронцы прызналі Карагачову палітвязнем.