Снегапад пакінуў без электрычнасці 630 беларускіх населеных пунктаў

Снегапады, якія прыйшлі ў Беларусь 7 студзеня і працягнуліся 8-га, пакінуў без электрычнасці 630 беларускіх населеных пунктаў. Пра гэта паведамляе МНС Беларусі.

zima_2.jpg

«Па дадзеных «Белэнерга», напрацягу сутак на тэрыторыі рэспублікі перыядычна парушалася электразабеспячэнне 630 населеных пунктаў. Адключэнні аператыўна ліквідуюцца аварыйнымі брыгадамі. Па стане на 6 гадзін 9 студзеня застаюцца без электразабеспячэння 56 населеных пунктаў у Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях. У выніку парушэння функцыянавання аб'ектаў жыццезабеспячэння пацярпелых няма», — гаворыцца ў паведамленні МНС.
Снежныя завалы паўплывалі на расклад руху цягнікоў. У Мінскім раёне праз тое, што мокры снег заблакаваў чыгуначную стрэлку, адбылася затрымка ў руху 8 пасажырскіх цягнікоў. Аднак ніводны цягнік не затрымаўся больш, чым на 1 гадзіну.
У МНС таксама паведамілі, што 8 студзеня ратавальнікі 25 разоў выязджалі для таго, каб прыбраць з дарогі ці распілаваць аварыйныя дрэвы. Таксама яны дапамаглі дастаць са снежных заносаў 19 транспартных сродкаў. Пацярпелых у гэтых здарэннях няма.
Па дадзеных сіноптыкаў, на бліжэйшы час у Беларусі замацуецца сапраўднае зімовае надвор'е. Тэмпература стабільна будзе адмоўнай, а часам — па начах і па раніцах — слупкі тэрмометраў будуць апускацца да -15.
euroradio.pl