«Стаялі ў счэпцы локцямі». У Мінску вынеслі яшчэ два прысуды за падзеі 2020 года

У судзе Заводскага раёна горада Мінска вынеслі чарговы прысуд па крымінальнай справе за падзеі 2020 года. Асуджаныя — Аляксандр Казлоўскі і Аляксандр Цярэшка, абодвум па 26 гадоў, паведамляюць праваабаронцы.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Згодна з матэрыяламі справы, Казлоўскі і Цярэшка 27 верасня 2020 года на праспекце Незалежнасці ў Мінску «стаялі ў счэпцы локцямі ў першым шэрагу» грамадзян, якія ішлі па праезнай частцы. У выніку гэтага, па версіі следства, быў блакаваны рух грамадскага транспарту і адбыўся збой у яго працы.

У выніку суддзя Анжэла Касцюкевіч прызнала іх вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК і прызначыла Цярэшку 2,5 года «хатняй хіміі», а Казлоўскаму — 1,5 года калоніі.