Мінабароны канцэнтруе вайскоўцаў у Ельскім раёне
Беларускія вайсковыя падраздзяленні сёння павінны прыбыць у Ельскі раён. Пра гэта паведаміла мясцовая газета «Народны голас».

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/mod.mil.by
Падраздзяленні прыбудуць у райцэнтр чыгункай. Разгрузка тэхнікі будзе праходзіць сёння.
«Мерапрыемствы вызначаны планам баявой падрыхтоўкі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Просім мясцовае насельніцтва захоўваць спакой і не панікаваць», — цытуе газета начальніка адасобленай групы Ельскага раёна, маёра Мікалая Харкова.
У нататцы таксама сцвярджаецца, што падраздзяленні «працягнуць узмацненне аховы Дзяржаўнай мяжы ў Ельскім раёне».
У апошнія дні з'явілася афіцыйная інфармацыя пра перамяшчэнне вайсковых падраздзяленняў у памежных раёнах Брэстчыны: Іванаўскім, Столінскім і Драгічынскім. Пры гэтым адначасова ў гэтых раёнах таксама прайшлі затрыманні актывістаў. Каля пяці чалавек затрымалі ў Іванаве, «аблава» была таксама ў Драгічыне.
Трэба адзначыць, што вясной беларускае камандаванне ўжо заяўляла пра правядзенне ратацыі падраздзяленняў, накіраваных на ўзмацненне дзяржмяжы.