Страйкам МТЗ: Сяргея Дылеўскага спрабуюць звольніць. Дылеўскі: Ціску пакуль няма

Сёння ў тэлеграме з'явілася інфармацыя са спасылкай на страйкам МТЗ аб тым, што Сяргея Дылеўскага, работніка МТЗ і чальца Каардынацыйнай рады, спрабуюць звольніць па артыкуле за прагулы. Пад прагуламі маюцца на ўвазе 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

izobrazenie_viber_2020_08_14_15_47_24_1_logo_1_logo_1.jpg


Да арышту Сяргея Дылеўскага прыгаварыў суд Заводскага раёна, што прыраўняў сустрэчу з калегамі да мітынгу.

Вопыт Сяргея Дылеўскага, адзначаюць у страйкаме, яшчэ раз даказвае, што закон абараняе толькі тых, у чыіх руках знаходзіцца. Нават калі ты робіш усё па правілах, можна стаць мішэнню рэпрэсіўнай машыны.

Як паведамляецца ў тэлеграме, цяпер Сяргею, каб пазбегнуць звальнення, неабходна атрымаць даведку пра знаходжанне пад вартай на Акрэсціна. Аднак на Акрэсціна выдаваць даведку на рукі адмаўляюцца і спасылаюцца на тое, што могуць выдаць яе на запыт наймальніка. Адміністрацыя ж завода даведку запытваць адмаўляецца, бо адзіны праўдападобны спосаб законна звольніць Сяргея Дылеўскага — прагулы з-за адміністрацыйнага арышту.

Стачкам заклікаў беларусаў да салідарнасці з Сяргеем Дылеўскім ды іншымі рабочымі, не заставацца ўбаку ад затрыманняў і выпадкаў ціску на рабочых. Варта агучваць усе выпадкі парушэння законаў, звяртацца да ініцыятыўных групаў. Далучацца да патрабаванняў страйкоўцаў і патрабаваць іх выканання.

Страйкам патрабуе: «Адміністрацыя Мінскага трактарнага Завода, рукі прэч ад Сяргея Дылеўскага!»

«Новы Час» звязаўся з самім Сяргеем Дылеўскім, каб даведацца, што адбываецца. 

«Я сам не разумею, што адбываецца. Мне скінулі інфармацыю з тэлеграм-каналаў, дзе пішуць, што мяне прэсуюць і звальняюць. Насамрэч гэтага няма, гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Я пакуль не ведаю, што мяне звальняюць», — сказаў «Новаму Часу» Сяргей Дылеўскі.