На дапамогу тым, хто страціў працу з-за грамадзянскай пазіцыі, сабралі больш за мільён рублёў

У ліпені ў Беларусі з'явілася ініцыятыва «Хуткая ўзаемадапамога». Валанцёры праекта падтрымліваюць людзей, якія з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі засталіся без працы. За два з паловай месяцы з іх дапамогай неабыякавыя беларусы сабралі для пацярпелых больш за мільён рублёў. Акрамя таго, 31 чалавеку знайшлі новую працу, 46 праходзяць перакваліфікацыю.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«Хуткая ўзаемадапамога» — гэта пляцоўка, якая аб'ядноўвае тых, каму патрэбна дапамога, з тымі, хто хоча дапамагчы.
— Кожны дзень сотні людзей заяўляюць аб сваёй гатоўнасці дапамагчы фінансава на час пошуку новай працы тым, хто быў несправядліва звольнены, — кажа Алена Жываглод, актывістка супольнасці «Сумленныя людзі». — Акрамя таго, у нашай базе ўжо больш за 500 грамадзян і кампаній, гатовых навучаць і прадастаўляць працу.
Як усё гэта працуе? Каб атрымаць падтрымку ад праекта, трэба пакінуць заяўку на сайце «Хуткай ўзаемадапамогі». Затым валанцёры-верыфікатары яе правераць. Іх задача пераканацца, што чалавек сапраўды пацярпеў з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі: удакладніць усе дэталі, атрымаць неабходныя пацвярджальныя дакументы.
— Паралельна чалавека знаёмяць з яго HR-куратарам. Ён высвятляе, якія ў пацярпелага пажаданні адносна будучага месца працы, ці хоча ён працягнуць працу па спецыяльнасці або асвоіць новую прафесію, — тлумачаць валанцёры праекта. — У залежнасці ад сітуацыі падбіраецца або навучанне, або вакансія з базы, ці ж чалавеку дапамагаюць скласці рэзюмэ і падрыхтавацца да сумоўя.
Па словах прадстаўнікоў ініцыятывы, за два з паловай месяцы працы ім паступіла больш за 1800 заявак з просьбай аб дапамозе. Частка з іх не былі звязаны са стратай працы. У выніку іх перадалі ў іншыя валанцёрскія арганізацыі, якія дапамагаюць у адпаведных выпадках.
На дадзены момант на сайце ініцыятывы апублікаваныя анкеты 416 чалавек, якія распавялі свае гісторыі. Сярод іх — прадстаўнікі сілавых структур, настаўнікі, рабочыя, журналісты. Кожнаму з іх аказана неабходная дапамога: часовая фінансавая падтрымка, перанавучанне або пошук новай працы.
— Каб падтрымаць гэтых і іншых людзей, да 30 верасня неабыякавыя беларусы ўжо сабралі больш за мільён рублёў, — удакладняюць суразмоўцы.
tut.by