Суд адмаўляецца разглядаць скаргу юрысткі Тамары Сяргей

Другі месяц суд адмаўляецца разглядаць скаргу юрысткі Тамары Сяргей.

unnamed_4.jpg


У інтэрвью НЧ яна паведаміла, што намесніца старшыні Мінскага гарадскога суду Таццяна Тупік другі раз запар вярнула без разгляду скаргу на рашэнне суддзі суду Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыі Шабуні, якая 20 траўня аштрафавала праваабаронцу на 40 базавых велічынь (840 руб.).  
«Прычым Таццяна Тупік не разглядае маю скаргу з надуманай і незаконнай падставы, матывуючы свае дзеянні тым, што я не аплаціла дзяржпошліну ў поўным памеры (дзве базавыя велічыні, ці 42 рублі). Я ж аплаціла дзяржпошліну ў тым памеры (адна базавая велічыня, ці 21 рубель), як таго патрабуе закон» — зазначыла Тамара Сяргей. А паколькі судовыя выканаўцы не пакідаюць праваабаронцу ў спакоі, 30 жніўня яна абскардзіла дзеянні суддзі Таццяны Тупік і асабіста перадала наглядную скаргу старшыні Мінскага гарадскога суду Паўлу Каршуновічу
Нагадаем, што юрыстка пакараная штрафам за арганізацыю і ўдзел у недазволеным пікетаванні, што 31 сакавіка на сталічным пляцы Волі зладзілі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры — пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны дзеля таго, каб дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў.  
27 ліпеня і 4 жніўня судовыя выканаўцы аддзелу прымусовага выканання Савецкага раёну Мінска двойчы спрабавалі патрапіць у кватэру Тамары Сяргей, каб зрабіць агляд жылля і высветліць матэрыяльны стан праваабаронцы. У якасці падставы для агляду была названая вялікая сумма штрафу, якую павінна ўнесці ў фонд дзяржавы юрыстка. Аднак яна адмовілася дапускаць судовых выканаўцаў у сваю кватэру.
29 ліпеня судовы выканаўца Настасся Шкрабо наклала арышт на жыллё юрысткі дзеля  спагнання з яе штрафу ў памеры 840 руб.  Правабаронца расцаніла гэтыя дзеянні, як доказ уціску. «Бо згодна заканадаўству, спагнанне не можа быць звернута на кватэру, дзе я стала пражываю. Нягледзячы на гэта, судовая выканаўца ўсё ж такі арыштавала маё жыллё. Такім чынам, Настасся Шкрабо пераступіла закон», — падкрэсліла Тамара Сяргей.