Антон Матолька супраць Белтэлерадыёкампаніі

Вярхоўны суд Беларусі 1 верасня працягнуў разгляд зыска Антона Матолькі да Белтэлерадыёкампаніі, якая выкарыстала два здымкі фатографа, не пазначыўшы яго аўтарства. Антон Матолька патрабуе ад БТК кампенсацыі ў памеры 1 капейкі.

Фота Вадзім
Заміроўскі

Фота Вадзім Заміроўскі

Па заключэнні эксперта Андрэя Чупрынскага, у здымках няма мастацкай навізны, здымкі не нясуць мастацкай каштоўнасці. Эксперт палічыў, што паколькі на фатаграфіях незаўважныя сляды мантажу, то яны не з'яўляюцца мастацкімі творамі.  

Сярод усіх першакрыніц, выкарыстаных экспертам, была вылучана Вікіпедыя, што выклікала здзіўленне ў адваката Антона Матолькі Марыі Колесавай-Гудзілінай, бо гэта – не самая надзейная крыніца. Андрэй Чупрынскі патлумачыў, што Вікіпедыя прызначана для абывацеляў, яна напісана простай мовай.

Акрамя таго, па сцверджанні эксперта, прамежак паміж фотаздымкамі складаў 2 хвіліны. За гэты час, на думку Чупрынскага, немагчыма зрабіць штосьці з мастацкай задумай. Насамрэч, фотаздымкі рабіліся з інтэрвалам 10 хвілінаў, што і было даказана пасля прагляду ўласцівасцяў файлаў. На што эксперт заявіў, што гэта тэхнічная памылка.

Марыя Колесава-Гудзіліна адзначыла для «НЧ», што "тэхнічная памылка", на якую спасылаецца эксперт, — гэта не памылка ў пару хвілін, эксперт памыліўся — 5 ці 13 хвілін. І калі прамежак 2 хвіліны — гэта кароткатэрмінова, а значыць, Антон не можа за такі час ажыццявіць сваю творчую задуму. Дык калі гэта іншы тэрмін, значыць, ён можа ажыццявіць сваю творчую задуму?

Нягледзячы на ўсе гэтыя недарэчнасці, у правядзенні паўторнай экспертызы, на якой настойваў бок Матолькі, суд адмовіў.

Вынікі экспертызы Антон Матолька пракаментаваў: «Эксперт напісаў добрае заключэнне для таго, каб фатаграфіі не прызнаваць аб'ектам аўтарскага права».

Дарэчы, падчас суда высвятлілася цікавая акалічнасць: у эксперта Чупрынскага 10% сяброў у сацыяльных сетках — супрацоўнікі БТ.

Разгляд справы працягнецца 2 верасня а 10 гадзіне ў будынку па адрасе: Мінск, вул. Валадарскага, 8. Усім, хто прыйдзе падтрымаць Антона Матольку, трэба мець пры сабе пашпарт.