У Мінску на суткі асудзілі інваліда другой групы
17 лістапада суддзя Партызанскага раёна Кацярына Чайко прысудзіла 15 сутак Мікіце Лявіцкаму — хлопец мае інваліднасць другой групы, піша Вясна.
Студэнта Мікіту Лявіцкага затрымалі 15 лістапада на вуліцы Чарвякова. 17 лістапада яго асудзілі па скайпе на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, нагледзячы на тое, што ў вопісе справы пазначана, што пры сабе хлопец меў пасведчанне аб другой групе інваліднасці. Мікіта прызнаў віну, але адзначыў, што яму двойчы выклікалі хуткую дапамогу: акрамя прыроджанай траўмы, ён хварэе на астму. Ён прасіў суд даць яму штраф праз стан здароўя і неадкладныя справы ў інстытуце і адзначаў, што мае магчымасць яго выплаціць.
Згодна з часткай 2 арт. 6.7 КаАП, адміністрацыйны арышт не можа прымяняцца ў адносінах да людзей з інваліднасцю першай і другой групы.