Карэспандэнтка TUT.BY і «Новага Часу» Аляксандра Квіткевіч асуджаная на 15 сутак арышту
Аляксандра Квіткевіч была затрыманая ў Менску 16 лістапада пасля заканчэння маршу пенсіянераў, які яна асвятляла. Дзяўчыну ў той жа вечар даставілі на Акрэсціна. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве.
Нагадаем, што Аляксандра выконвала свае прафесійныя абавязкі, рыхтуючы рэпартаж традыцыйнага пратэстнага маршу пенсіянераў. Нягледзячы на тое, што журналістка была на працы, яе затрымалі і адвезлі ў Ленінскі РУУС. Там жа склалі пратакол па арт. 23.34, затым адправілі на Акрэсціна.
Справу вядзе суддзя Анастасія Ачалава, перадае TUT.BY.
У пратаколе напісана, што 16 лістапада каля 16.30 журналістка «прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве з мэтай публічнага выказвання сваіх патрабаванняў аб правядзенні сумленных выбараў у Рэспубліцы Беларусь, рухалася па праезнай частцы выкрыквала правакацыйныя лозунгі».
Сувязь па скайпе з Акрэсціна дрэнная, Аляксандра Квіткевіч часта просіць паўтарыць пытанні суддзі і адваката. З пратаколам яна не згодная. Яна тлумачыць, што ў панядзелак знаходзілася на працы, у акцыі на ўдзельнічала, нічога не выкрыквала.
— Я не падыходзіла да пратэстоўцаў і не размаўляла з імі, маўчала, — дае тлумачэнні ў судзе Аляксандра.
Аляксандра адзначае, што яе затрымалі не ля будынка па праспекце Незалежнасці, 47, а ля Філармоніі, якая знаходзіцца на супрацьлеглым баку праспекта (Незалежнасці, 50).
У судзе глядзяць відэа з Маршу пенсіянераў, які асвятляла Аляксандра і пасля якога была затрыманая. На ім бачна, што журналістка трымаецца воддаль, на ёй ёсць бэйдж «Прэса».
Затрыманне адбылося, калі журналістка скончыла працу.
— Мяне нечакана схапілі за руку і сказалі: «Пройдзем!». У аўтобусе паказалі пасведчанне, што гэта міліцыя, — удакладняе Аляксандр Квіткевіч.
Па справе выступае засакрэчаны сведка з міліцыі, каб усталяваць яго асобу, усіх просяць выйсці, нават адваката Таццяну Тараховіч. Потым Варанцоў Антон Паўлавіч скажа, што дадзеныя змененыя ў мэтах яго бяспекі.
Тое, што ён кажа, чуваць дрэнна, пастаянныя перашкоды не даюць магчымасці пачуць усе словы Варанцова. Ён настойвае: Аляксандра Квіткевіч крычала: «Жыве Беларусь! За што забілі Рому? Я выходжу!». Па словах супрацоўніка міліцыі, некаторыя людзі былі са сцягамі, плакатамі, на Аляксандры не было камізэлькі і наогул нічога, каб дапамагло вызначыць, што яна журналіст.
Гэта абвяргае відэа, на якім зафіксавана, што на Аляксандры быў бэйдж па-над курткай. А пры сабе — пасведчанне і рэдакцыйнае заданне.
Абаронца Таццяна Тараховіч папрасіла суд унесці ў пратакол заўвагу: адваката незаконна выдалілі пры ўстанаўленні дадзеных сведкі. Таксама сведка не быў папярэджаны аб адказнасці за наўмысна ілжывыя паказанні.
Суддзя Анастасія Ачалава не пагадзілася з апошняй заўвагай, але вырашыла зноў апытаць міліцыянта Варанцова. На гэты раз яна папярэдзіла яго аб адказнасці.
Адказваючы на пытанні адваката, Варанцоў не мог паказаць дакладны адрас затрымання. І пасля апытання засакрэчанага міліцыянта адвакат звярнула ўвагу: па дакументах незразумела, хто менавіта прыняў рашэнне аб змене дадзеных міліцыянта, пячатка размытая і не пазначана кіраванне, якое вырашыла міліцыянта зрабіць Варанцовым.
«Прыцягваць апытанне такога сведкі недапушчальна», — заявіла абаронца.
Суддзя з гэтым не пагадзілася, — як і з тым, каб выклікаць у суд тых, хто затрымліваў Аляксандру Квіткевіч.
Суд абвесціў рашэнне ў 14.40 — 15 сутак арышту.