Што не так з будаўніцтвам асфальтабетоннага завода ў Брэсце?

Завод будзе размешчаны ў водаахоўнай зоне ракі Мухавец і ў зоне пітнога водазабеспячэння. Як паўплывае завод на грунтавыя воды? Чыноўнікі супакойваюць, што ўздзеянне будзе «дапушчальным», але ніякіх доказаў таму няма.

Фота pixabay

Фота pixabay

У Брэсце на вуліцы Газдзецкага збіраюцца пабудаваць асфальтабетонны завод. Хаця грамадскія абмеркаванні заяўлены не былі, да будучага прадпрыемства ёсць шмат пытанняў.
Інфаслужба па вырашэнні экалагічных праблем «Зялёны тэлефон» самастойна падрыхтавала і даслала Брэсцкаму гарадскому выканкаму свае заўвагі. Публікуем некаторыя з іх.

Для пачатку, у справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння будаўніцтва на навакольнае асяроддзе (АУНА) адсутнічаюць звесткі аб маніторынгу атмасфернага паветра, паверхневых вод, інфармацыя аб стане зямельных рэсурсаў і аб аб'ектах расліннага і жывёльнага свету.

Усё гэта парушэнне нормаў заканадаўства, — каментуюць эколагі. —  Пры гэтым па карце відаць, што на ўчастку, які плануецца пад будаўніцтва, ёсць дрэвы і хмызнякі, а значыць, могуць жыць і жывёлы. Нельга будаваць завод без уліку вышэйпералічаных фактараў і адзнакі ўплыву будаўніцтва на дзікую прыроду.

У справаздачы аб АУНА сказана, што базавы памер санітарна-ахоўнай зоны — 500 метраў. Гэта абгрунтавана спецыфічнымі санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі. Пры гэтым у іншай частцы справаздачы радыус базавай санітарна-ахоўнай зоны завода пазначаны як 300 метраў — амаль у палову менш за норму!

Больш за тое, на адлегласці 370 метраў ад меркаванага завода размешчаны зямельны ўчастак пад лесапарк, хаця ў межах санітарна-ахоўнай зоны нельга размяшчаць месцы масавага адпачынку. Тэарэтычна, можна скараціць разліковую СЗЗ, гэта стандартная працэдура. Для гэтага праводзіцца ацэнка рызыкі здароўя насельніцтва, а дакументацыя па разліковай СЗЗ праходзіць дзяржаўную санітарна-гігіенічную экспертызу. Парк апынецца па-за зонай і парушэння не будзе. Але зараз у справаздачы аб АУНА інфармацыя аб скарачэнні памераў базавай СЗЗ адсутнічае.

Між тым, месца для завода выбралі не абы-якое: ён будзе размешчаны ў водаахоўнай зоне ракі Мухавец і ў зоне пітнога водазабеспячэння. Эколагі занепакоіліся, ці не паўплывае вытворчасць на грунтавыя воды. Чыноўнікі гавораць, што ўздзеянне на грунтавыя воды мяркуецца «дапушчальным».

— Аднак гэтая здагадка ніяк не абгрунтоўваецца і не пацвярджаецца даследаваннямі! — расказвае “Зялёны тэлефон”. — Мы настойваем, што на пляцоўцы неабходна закласці свідравіны для маніторынгу якасці вады.

Павярхоўныя сцёкавыя воды пасля ачысткі на будаўніцтве будуць адводзіць у пажарны вадаём. Дакладны памер яго, аднак, не пазначаны. Няясна, ці змесцяцца туды сцёкавыя воды ў перыяд інтэнсіўных дажджоў або яны «сплывуць» па-за межы будаўніцтва.

— Па законе ўнясенне змяненняў у АУНА для ўказання дакладных дадзеных па гэтым пункце прывядзе да паўторных грамадскіх абмеркаванняў, — каментуе Зялёны тэлефон.

Распрацоўнікаў справаздачы аб АУНА таксама не збянтэжыла, што нават на падставе іх разлікаў гранічна дапушчальная канцэнтрацыя па сумарных цвёрдых часціцах перавышана. Нарматыў выкіду цвёрдых часціц у справаздачы аб АУНА прыняты як 100 мг/м3. Аднак заканадаўства кажа, што бяспечны парог — 50 мг/м3 (ЭкаНіП 17.01.06-01-2017). Ртуць і сажа чамусьці не адзначаны як рэчывы, якія маюць цвёрды агрэгатны стан пры выкідах.

Важнае месца сярод заўваг экспертаў займае той факт, што ў разліку экалагічна бяспечных канцэнтрацый для рассейвання хімічных рэчываў не ўлічана іх група сумацыі. Пры праверцы разліку рассейвання, эколагі высветлілі, што разліковая канцэнтрацыя хімічных рэчываў перавышае норму.

— Аналізуючы дадзеныя разліку рассейвання можна зрабіць выснову, што без унясення змены ў праектную дакументацыю ў частцы зніжэння ўзроўню выкіду забруджвальных рэчываў, дадзены аб'ект не можа быць пабудаваны на разгляданай тэрыторыі, — падсумоўваюць эксперты. — Мы ўжо маўчым пра тое, што справаздача неаднаразова спасылаецца на састарэлае заканадаўства. Напрыклад, на старонцы 9 указана пастанова Міністэрства аховы здароўя № 91 ад 11.10.2017 года. Але яна была адменена яшчэ ў 2021 годзе.

Больш за заўваг і прапаноў экспертаў да будаўніцтва асфальтабетоннага завода можна прачытаць тут.

Паводле прэс-рэлізу