Такія «навіны»: на БТ адно і тое ж відэа з мігрантам паказалі двойчы — з розным перакладам

На тэлеканале «Беларусь 1» у адным сюжэце паказалі аповед бежанца на англійскай мове два разы. Але вось пераклад яго слоў на рускую мову быў кожны раз розным.

ee033652_a663_443f_a2a6_9ee6368004fd.jpg.webp


19 ліпеня ў эфіры праграмы «Панарама» распавядалі, як беларускія памежнікі выявілі незаконных мігрантаў, што перайшлі мяжу з боку Літвы. Як сцвярджае канал, спачатку затрымалі 14 грамадзян Ірака з дакументамі. На наступны дзень на гэтым жа ўчастку затрымалі яшчэ адну групу.

«Яны распавялі, што знаходзіліся ў лагеры для ўцекачоў. І яшчэ пецярых мігрантаў, але ўжо без дакументаў выявілі мясцовыя жыхары прыгранічнага населенага пункта. Замежнікі самі папрасілі пра дапамогу, распавёўшы, што іх збілі людзі ў форме без апазнавальных знакаў на тэрыторыі Літвы адразу пасля таго, як яны перасеклі мяжу», — паведамілі на «Беларусь 1», піша Тэлеграф.

Мігрант Харыкан Эшан Хусін распавёў падрабязнасці на англійскай мове для тэлеканала.

«Мы доўга ішлі пешшу. Мы ішлі з белай майкай, каб літоўскія камеры нас заўважылі і нам дапамаглі. Пад’ехала іх машына. Яны смяяліся з мяне, маіх сяброў, рабілі фатаграфіі і казалі: ідзіце, ідзіце ў Беларусь. Добра, але тады проста аддайце мой тэлефон, каб проста патэлефанаваць. Мы не хацелі ісці праз лес, таму што ён занадта вялікі.

Мы выйшлі да гэтай вёскі, дзе нам дапамаглі беларусы, выклікалі хуткую дапамогу, таму што я сказаў, што яна цяжарная. Трасе тое, што літоўская армія з ёй рабіла. Літоўскія жаўнеры штурхалі яе ў спіну», — так перавялі аповед героя сюжэту першы раз.

Праз нейкі час у гэтым жа сюжэце відэа паўтарылася. Той жа мігрант казаў тыя х словы па-англійску, але пераклад гучаў па-іншаму:

«Беларусь, Літва, Грэцыя, Турцыя, Балгарыя — шмат іракцаў з’язджаюць праз гэтыя краіны. Такая сітуацыя не толькі ў Іраку, але і ў Сірыі, напрыклад. У Іраку і Сірыі цяпер вайна, таму людзі шукаюць лепшага жыцця ў Еўропе. Тут лепшае жыццё, але пасля таго, як мы ўбачылі стаўленне да нас, як гэта небяспечна, мы наступны раз падумаем, ці варта зноў адпраўляцца ў Еўропу. Гэта сапраўды небяспечна».

На тэлеканале пакуль не пракаментавалі сітуацыю. Невядома, чаму так здарылася і пра што ў рэальнасці распавядаў мігрант на англійскай мове