ТБМ заклікала грамадзян указваць на перапісе беларускую мову роднай

ТБМ заклікала грамадзян Беларусі ўказваць беларускую мову роднай на перапісе насельніцтва ў 2019 годзе.

8d0b3218_7a59_47b1_bcf6_77d78c059b29.jpg

Грамадскае аб'яднанне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) заклікала грамадзян Беларусі на перапісе насельніцтва ў 2019 годзе ўказваць беларускую ў якасці роднай мовы.

Адпаведны зварот, прыняты напярэдадні сакратарыятам ТБМ, 24 ліпеня надрукавала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку старшыня абʼяднання, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

«У 2019 годзе адбудзецца чарговы перапіс насельніцтва нашай краіны, — адзначаецца ў дакуменце. — Адно з важных пытанняў тычыцца самаідэнтыфікацыі беларусаў і наўпрост звязана з нацыянальнай бяспекай краіны. Гэта пытанне пра родную мову. Мы прапануем вам незалежна ад вашых палітычных і рэлігійных поглядаў, а таксама нацыянальнасці падчас правядзення перапісу размаўляць з перапісчыкамі на беларускай мове, запаўняць апытальныя лісты на беларускай мове і ўказваць сваю родную мову так: беларуская».

«Тым самым вы засведчыце сваю прыналежнасць да гісторыі і культуры нашага народа, падтрымайце беларускую мову і акажыце садзеянне ўмацаванню незалежнасці і нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», — падкрэслілі аўтары звароту.

Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года, беларускую мову назвалі роднай 5,058 мільёна чалавек, або крыху больш за 60% насельніцтва краіны.

www.radyjo.net