Тры этапы дэградацыі прыдворнай «сацыялогіі» ў Беларусі

Заснавальнік EAST-цэнтра палітолаг Андрэй Елісееў апісаў тры этапы дэградацыі афіцыйнай беларускай сацыялогіі. Але трэці этап можа аказацца не апошнім.



5213992002.jpg

Пра гэта Андрэй Елісееў выказаўся на сваёй старонцы ў Facebook:

Падобна на тое, што дзяржорганы ўжо нават ідэю з фіктыўнымі сацыялагічнымі апытаннямі закінулі. Цяпер дастаткова замовіць любому тэлеграм-каналу пост з любымі лічбамі, а потым на яго спаслацца і выдаць у вячэрніх навінах як вартыя даверы «сенсацыйныя» даныя. Ну а чо?

Але пра ўсё па чарзе.

На працягу ўсяго некалькіх месяцаў абыходжанне дзяржорганаў з (псеўда)сацыялагічнымі данымі прайшло аж тры этапы дэградацыі.

Першая стадыя:

Прыдворныя псеўдасацыялагічныя службы кшталту ЭКООМ робяць выгляд, што займаюцца апытаннямі і малююць усякія фантастычныя лічбы даверу кіраўніку.

Другая стадыя:

Малююцца абсурдныя лічбы пра рэйтынгі і палітычную сітуацыю ў краіне ў выглядзе раптам апублічаных сакрэтных дакументаў. Я пра ліпеньскі спектакль з «рассакрэчваннем «звышсакрэтнага» дакумента ад Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце.

Трэцяя стадыя:

Днямі дзяржтэлеканалы раптам пачалі як адзін вяшчаць пра вынікі апытання ад «сацыялагічнай службы польскага тэлеканала». Там клінічнае трызненне пра тое, што вырасла падтрымка Лукашэнкі, што 65% адмоўна ставяцца да дзейнасці Ціханоўскай і іншае.

Аказалася, што беларускія тэлеканалы без усялякага сораму спаслаліся на сумнеўны тэлеграм-канал «Рускі дэміург», які вось гэта ўсё апублікаваў, у сваю чаргу, нібыта спасылаючыся на сацыялагічную службу «Белсата»!

Мала таго, што ў «Белсата» няма ніякай сацыялагічнай службы, каб аж агульнарэспубліканскія апытанні рабіць, дык беларускія тэлеканалы свае «сенсацыйныя» сацыялагічныя дныя з гэтага часу чэрпаюць у левых ТГ-каналаў. Якія за пару сотняў баксаў, калі спатрэбіцца, апублікуюць звесткі пра сацапытанне ў Камбоджы, праведзенае службай Лаоскага тэлеканала.

Я хацеў было напісаць пра «трэцюю, татальную і фінальную стадыю дэграцыі», але ўжо, шчыра кажучы, не ўпэўнены, што яна фінальная. І што праз пару тыдняў гранды сусветнай журналістыкі Азаронак і Пуставой сваімі сіламі, скажам, не апытаюць 100 тысяч чалавек і не вызначаць рэйтынг кіраўніка ў 90%.

Паводле thinktanks.by