У Беларусі бываюць праблемы з абменам валюты — банкі змянілі патрабаванні да якасці купюр
Беларускія банкі нядаўна абнавілі правілы па абмене замежнай валюты. Чакалася, што ў некаторых выпадках гэта спросціць кліентам магчымасці для абмену. Але, як распавядае «Люстэрка», цяжкасці ўсё роўна застаюцца. Часта гэта тычыцца менавіта стодоларавых купюр.
![_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg.webp _hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg.webp](/img/v1/images/_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нагадаем, у мінулым годзе банкі сталі прытрымлівацца адзіных правілаў замены банкнот у замежнай валюце. Пасля гэтага абмяняць замежную валюту стала складаней — у некаторых выпадках банкі адмаўляліся яе прымаць, нават калі купюры вонкава на першы погляд не мелі дэфектаў.
З 1 лютага гэтага года банкі ўвялі змены ў патрабаваннях да абмену валюты. Планавалася, што пасля гэтага ў некаторых выпадках прадаць замежныя грошы будзе прасцей.
Зараз, мяркуючы па паведамленнях беларусаў, складанасці захоўваюцца. Часцей за ўсё яны ўзнікаюць са стодоларавымі купюрамі.
Барыс (усе імёны змененыя) распавёў, што ў сакавіку гэтага года набыў у адным з дзяржаўных банкаў буйную суму долараў. «З грашыма нічога не рабіў, нават з квітанцыі не даставаў — так і паклаў у «заначку», — кажа ён. А нядаўна яму спатрэбіліся грошы, і ён узяў з гэтай пачкі стодоларавую купюру, якая «візуальна ў выдатным стане», — і адправіўся ў той жа банк, дзе яе набыў.
— Там сказалі, што не могуць прыняць, таму што на купюры пад ультрафіялетам нейкія тлустыя плямы, — успамінае мужчына. — На мае прэтэнзіі, што я ў іх жа купляў гэтыя грошы месяц таму, мілая дзяўчына сказала, што нічога зрабіць не можа, і параіла схадзіць у іншы абменнік. Я адправіўся ў іншы банк, там купюру прынялі без пытанняў.
З-за плям невядомага паходжання былі цяжкасці ў абменніку і
ў Вячаслава. Паводле яго слоў,
ён таксама спрабаваў абмяняць на рублі 100 долараў. Прычым на банкноце былі сляды згінаў. Але ў адным з банкаў
яе адмовіліся прымаць з-за бачнай
няўзброеным вокам плямы. А да гэтага, кажа беларус, яму адмаўлялі, калі ён
прыходзіў у банк з новымі, «як быццам толькі што аддрукаванымі» грашыма.
— Раней атрымоўвалася вырашыць гэтую праблему праз банкамат з купюрапрыёмнікам, але цяпер такія апараты перасталі прымаць купюры наміналам 100 долараў, — паказвае ён. — Застаецца чакаць сяброў, якія жывуць у ЗША, каб ім аддаць гэтую купюру і памяняць на іншую.
Глядзіце таксама
![Долар для беларусаў застаецца надзейным сродкам зберажэнняў У чыноўнікаў не атрымалася вярнуць давер да рубля. Долар для беларусаў больш надзейны](/img/v1/images/_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__2__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Вікторыя ўспамінае, што нядаўна таксама сутыкнулася з падобнай сітуацыяй. Так як цяпер банкаматы абранага ёй банка не прымаюць купюры наміналам 100 долараў, яна пайшла ў абменнік. Але там ёй адмовілі, як і яшчэ ў некалькіх банках. Прычынай стала тое, што купюра была надарваная і на ёй была невялікая пляма. У выніку пасля некалькіх спробаў беларуска ўсё ж знайшла абменнік, дзе гэтыя грошы прынялі.
У Віктара таксама не прынялі ў банку стодоларавую купюру. І за апошні год, паводле яго слоў, з падобнымі адмовамі ён сутыкаўся разоў пяць. Калі часам вырашыць яе ўдавалася паходам у іншы банк, то ёсць адна купюра, якую ні адзін банк не браў з-за плям на ёй: «Пры прасвеце купюры сказалі, што на ёй тры плямы, а дапускаецца адна».
Паводле слоў
Дзяніса, ён рэгулярна сутыкаецца з цяжкасцямі пры абмене валюты. Аднойчы ён
спрабаваў памяняць адразу тысячу долараў. Але прынялі толькі 200. Таму, калі ён вяртаецца на
радзіму з-за мяжы, стараецца мець пры сабе толькі грошы, якія выглядаюць
ідэальна.