У Беларусі заблакавалі сайты платформаў «Голас» і Zubr.in
У Беларусі абмежавалі доступ да анлайн-платформаў "Голас" і Zubr.in. Пра гэта гаворыцца на афіцыйным сайце БелДІЭ.
Сайты гэтых анлайн-ініцыятыў трапілі ў спіс рэсурсаў абмежаванага доступу "на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь" сёння, 21 жніўня. Спіс з такімі рэсурсамі недаступны для прагляду звычайнымі карыстальнікамі, але даступны для інтэрнэт і хостынг-правайдэраў. У адным з іх tut.by пацвердзілі гэтую інфармацыю.
Акрамя таго, у спіс абмежаванага доступу па рашэнні Міністэрства інфармацыі ўнесена некалькі дзясяткаў проксі-сэрвісаў — у тым ліку праз іх падчас адсутнасці доступу да сеткі 9-11 жніўня некаторыя карыстальнікі ажыццяўлялі доступ да папулярных месэнджараў.
Нагадаем: платформу па альтэрнатыўным падліку галасоў на выбарах прэзідэнта Беларусі "Голас" прапаноўвалі блакаваць яшчэ ў пачатку жніўня. Пра гэта, у прыватнасці, заяўляла начальнік аддзела ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Марына Папова ў эфіры праграмы Понятная политика» на "Беларусь 1".
Нагадаем, учора Платформы "Голас", "Сумленныя людзі" і "Зубр" прадставілі выніковую справаздачу аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.
Паводле tut.by