У Беларусі завялі больш за 4200 крымінальных спраў, звязаных з экстрэмізмам і тэрарызмам

Пра гэта заявіў генпракурор Беларусі Андрэй Швед.

depositphotos_82711484_stock_photo_stop_extremism_sign_1.jpg


«На сённяшні дзень распачата больш за 4200 крымінальных спраў, звязаных з гэтымі антыграмадскімі праявамі. У суды ўжо накіраваны 803 крымінальныя справы ў дачыненні да 1116 чалавек, разгледжаны 704 крымінальныя справы ў дачыненні да 955 асоб», — цытуе Шведа БелТА.
Швед таксама распавёў аб крымінагеннай абстаноўцы ў краіне. Ён адзначыў шэраг станоўчых тэндэнцый. За паўгода знізілася на 5% колькасць забойстваў, на 6% — разбояў, на 11% — прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, амаль на 20% — згвалтаванняў. Колькасць пацярпелых ад злачынных замахаў скарацілася на 14%.
Сёння генпракурор пабываў з дакладам у Аляксандра Лукашэнкі. Гаворка ішла пра расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, кіберзлачыннасці, справах, якія знаходзяцца на асабістым кантролі Лукашэнка і ўмацаванні ролі пракуратуры.
У ходзе даклада Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся ўражаннямі Шведа пра сітуацыю ў краіне.
«Якая сітуацыя праз год пасля гэтых ачмурэлых, што бліцкрыг хацелі зрабіць у мінулым годзе? Вашы проста ўражанні ў гэтым плане», — сказаў ён.
Швед адзначыў, што працягваецца вышук асоб, якія маюць дачыненне да паказаных спраў. Паводле яго слоў, станоўчым вынікам з'яўляецца выдача абвінавачаных іншымі краінамі. Таксама генпракурор паведаміў, што праінфармаваў Лукашэнку «пра расследаванне спробы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі ў 2020 годзе». На думку Шведа, следства вядзецца поўна і аб'ектыўна.
reform.by