У Брэсце прыпыненае будаўніцтва акумулятарнага завода

У Брэсце прыпыненае будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА "Айпаўэр", супраць якога пратэставалі мясцовыя жыхары. Адпаведнае распараджэнне № 60-Р апублікаванае на сайце Брэсцкага аблвыканкама за подпісам старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса, паведамляе belapan.by.

Фота: brest.greenbelarus.info

Фота: brest.greenbelarus.info


"Прыпыніць будаўніцтва аб'екта "Акумулятарны завод ТАА "АйПаўэр" з уласнай кацельняй на прыродным газе па адрасе: Брэсцкі раён, СЭЗ "Брэст", раён "Аэрапорта", 1 пускавы комплекс" да ліквідацыі выяўленых парушэнняў", — гаворыцца ў пастанове.
Акумулятарны завод ТАА "АйПаўэр" збудаваны на прамысловай пляцоўцы "Аэрапорт" у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Праціўнікі завода выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.
Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 189 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг "Брастаўчанкі супраць свінцу", на які прыйшлі прыблізна дзве тысячы чалавек.
Праціўнікі завода з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю збіраюцца на плошчы Леніна ў Брэсце. 25 красавіка гэтага года ў Адміністрацыю прэзідэнта быў перададзены новы калектыўны зварот праціўнікаў акумулятарнага завода.
З 3 мая каля прадпрыемства кругласутачна, змяняючы адзін аднаго, дзяжураць актывісты. Яны лічаць, што завод, яшчэ не прыняты ў эксплуатацыю, ужо фактычна працуе і выкідвае ў паветра шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства паўнавартасна выпускае прадукцыю. Праціўнікі завода фіксуюць факты, якія, на іх думку, пацвярджаюць гэта, і накіроўваюць звароты аб парушэннях у адпаведныя інстанцыі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН